Выканаўца абавязкаў дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі атрымаў ліст ад Сьледчага камітэту Беларусі, дзе гаворыцца, што на ягоны дом на радзіме накладзены арышт.
Старую драўляную хату збудаваў сто гадоў таму дзед Аляксея Дзікавіцкага.
«Нават сталінскія ўлады не забралі дом, што збудаваў сто гадоў таму мой дзед — „вораг народу“, вязень ГУЛАГу. У лягер накіравалі, але дом пакінулі. Дом даўно быў перапісаны на мяне.
Я рос там да школы, адтуль вёз на могілкі дзядоў і бацькоў, гэта самае дарагое для мяне месца. Калісьці дзядуля з бабуляю дазволілі на шмат гадоў вучыцца там дзецям, пакуль у вёсцы будавалі школу», — расказаў кіраўнік «Белсату».
Як растлумачыў «Белсату» юрыст, на дом быў накладзены арышт пастановаю сьледчага. Інфармацыю пра гэта таксама ўнесьлі ў рэестар нерухомай маёмасьці і зямельны кадастар Рэспублікі Беларусь. На практыцы гэта значыць, што пакуль дом пад арыштам, зь ім нельга нічога зрабіць: прадаць, падарыць, абмяняць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белсат» адказаў расейскім уладам на прызнаньне непажаданай арганізацыяйРаніцай 9 кастрычніка Аляксей Дзікавіцкі так ацаніў магчымую будучыню дому:
«Ён ня мае нейкай надта вялікай вартасьці, калі прадаваць, але гэта самае дарагое для мяне месца на зямлі. Сьледчы камітэт, што праўда, пакуль афіцыйна паведаміў толькі пра „арышт нерухомасьці“, каб я ня мог нічога з бацькоўскай хатай зрабіць. Але як толькі ў крымінальнай справе абвесьцяць „вырак“ — сканфіскуюць».
Дакладна не вядома, у ракамх якой менавіта крымінальнай справы на дом наклалі арышт. Рэжым Лукашэнкі раней назваў тэлеканал «Белсат» «экстрэмісцкай арганізацыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі завялі крымінальную справу супраць колішняга супрацоўніка «Белсату», які жыве ў ЗША