Хроніка перасьледу 8 кастрычніка: затрыманьні сьвятара і дырэктара арганізацыі, ператрус у кватэры адвакаткі Марыі Колесавай-Гудзілінай

Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Менску затрымалі дырэктара арганізацыі

На відэа сілавікоў затрыманы кажа, што працуе дырэктарам ТАА «Пад’ёмна-пагрузачная тэхніка» і раней нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 кастрычніка: У Берасьці пачаўся 11-ы групавы суд за пратэсты 2020 году

Затрымалі яшчэ аднаго ксяндза

Стала вядома пра затрыманьне пробашча парафіі Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне, ксяндза-каноніка Юрыя Бараўнёва. Па сьвятара прыйшлі 7 кастрычніка. Ксяндза перасьледуюць за нібыта захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Мае адбыцца суд.

Пра затрыманьне пробашча напісала «Хрысьціянская візія».

У Віцебскай вобласьці найчасьцей затрымліваюць каталіцкіх сьвятароў. Усяго з 2020 году праз адміністрацыйныя арышты прайшоў 31 ксёндз, зь іх 13 зь Віцебскай дыяцэзіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: сьледзтва ў справе ксяндза Акалатовіча скончылі, яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве»

У жодзінскай кватэры адвакаткі Марыі Колесавай-Гудзілінай праходзіць вобшук

Пра гэта «Эўрарадыё» паведаміла сама адвакатка. Днямі яе старонку ў Instagram прызналі «экстрэмісцкай».

Марыя Колесава-Гудзіліна зараз жыве не ў Беларусі. Раней яна абараняла інтарэсы блогера Эдуарда Пальчыса, мадэратара сацсетак «Краіны для жыцьця» Дзьмітрыя Папова, былога сьледчага Яўгена Юшкевіча і сьпевака Цімы Беларускіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 4 кастрычніка: за здымкі вайсковай тэхнікі ў Лоеве затрымалі мужчыну