Цэнтральная выбарчая камісія Літвы паведаміла аб пачатку галасаваньня за дэпутатаў Сейму.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, датэрмінова можна прагаласаваць з 8 да 10 кастрычніка з 7:00 да 20:00 у памяшканьнях усіх 60 мясцовых адміністрацый Літвы (самакіраваньняў) і на дадатковых выбарчых участках.
9–11 кастрычніка датэрміновае галасаваньне арганізуюць у шпіталях, установах сацыяльнага забесьпячэньня, вайсковых частках і месцах адбываньня пакарання, а 11–12 кастрычніка — па месцы пражываньня выбарнікаў з абмежаванымі магчымасьцямі, а таксама непрацаздольных праз хваробу і грамадзян ва ўзросьце ад 70 гадоў і старэйшых.
У Сейм неабходна выбраць 141 дэпутата. На 70 месцаў шматмандатнай акругі (паводле партыйных сьпісаў) прэтэндуюць 1721 кандыдат, а на 71 месца ў аднамандатных — 699 кандыдатаў. У выбарах удзельнічаюць 14 партый і адзін блёк.
У сьпісах выбарнікаў Літвы больш за 2,37 мільёна чалавек. Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, лідэры выбарчай кампаніі — Сацыял-дэмакратычная партыя і Хрысьціянскія дэмакраты. Усяго на месцы ў парлямэнце прэтэндуюць 17 палітычных партыяў і выбарчых блёкаў.