Абмежаваньні, як паведамляецца, «адпавядаюць захадам, прынятым ЭЗ супраць Беларусі 29 чэрвеня 2024 году» і маюць «ўсёабдымны характар». Яны накіраваныя на некалькі сэктараў беларускай эканомікі, уключна з гандлем, сфэрай паслуг і транспартам.
Санкцыі закліканыя, у прыватнасьці, перадухіліць абыход санкцый супраць Расеі. Некаторыя абмежаваньні ў дачыненьні Расеі распаўсюджваюцца і на Беларусь, адзначылі ў Осла.
Захады ўключаюць:
- пашырэньне забароны на аказаньне тэхнічнай дапамогі, зьвязанай з таварамі і тэхналёгіямі абароннага прызначэньня;
- забарону на транзыт праз тэрыторыю Беларусі зброі, кампанэнтаў і боепрыпасаў;
- забарону на продаж правоў інтэлектуальнай уласнасьці, зьвязаных з такімі таварамі;
- забарону на экспарт тавараў, якія могуць садзейнічаць павышэньню прамысловага і вайскова-тэхнічнага патэнцыялу або разьвіцьцю сэктару абароны і бясьпекі Беларусі;
- забарону на транзыт праз тэрыторыю Беларусі тавараў і тэхналёгій шматмэтавага прызначэньня і іншае.
Нарвэгія таксама ўвядзе забарону юрыдычным асобам станавіцца аўтатранспартнымі кампаніямі, калі яны на 25 і больш адсоткаў належаць беларускім фізычным або юрыдычным асобам. Таксама ўвядуць забарону аўтатранспартным кампаніям, заснаваным у Нарвэгіі, якія на 25 і больш адсоткаў належаць беларускім фізычным або юрыдычным асобам, ажыцьцяўляць аўтамабільныя перавозкі грузаў у Нарвэгіі, у тым ліку транзытныя. Зрэшты, у паведамленьні нарвэскага боку зазначаецца, што тут магчымыя выключэньні.
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 8 кастрычніка наведае Осла. Як паведаміў «Позірку» яе дарадца Франак Вячорка, заплянаваная яе сустрэча зь міністрам замежных спраў гэтай краіны Эспэнам Бартам Эйдэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуса ў Нарвэгіі асудзілі за «кактэйлі Молатава», кінутыя ў рэзыдэнцыю караля ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я гаваркая істота на памежжы трох моваў», — перакладчыца Марына Хоббель пра жыцьцё і творчасьць у Нарвэгіі