«Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызнаны Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» са спасылкай на абноўлены адпаведны пералік МУС.
Указаныя сайт ініцыятывы torturesbelarus2020.org, тэлеграм-канал «torturesbelarus2020», тэлеграм-бот «ICITB2020_contact», старонка праекту ў «Інстаграме», адрас электроннай пошты contact@torturesbelarus2020.org.
МУС лічыць, што датычнасьць да «экстрэмісцкага фармаваньня» маюць праваабаронцы Сяргей Усьцінаў і Вікторыя Фёдарава.
Нягледзячы на атрыманьне «экстрэмісцкага» статусу ў Беларусі, ініцыятыва працягне сваю працу, гаворыцца ў заяве ў яе тэлеграм-канале.
«Мы заклікаем усіх, хто падтрымлівае нас, паклапаціцца аб сваёй бясьпецы: выкарыстоўвайце сродкі ананімнай камунікацыі і будзьце ўважлівыя ў абароне асабістых дадзеных», — гаворыцца ў паведамленьні.
Камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі — спэцпраект праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва», заснаваны разам зь міжнароднымі праваабаронцамі.
Камітэт уваходзіць у Міжнародную плятформу падсправаздачнасьці Беларусі (IAPB) — кааліцыю незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб’ядналі намаганьні для збору, кансалідацыі, праверкі і захаваньня доказаў грубых парушэньняў правоў чалавека, якія зьяўляюцца злачынствамі паводле міжнароднага права, як мяркуецца, учыненых уладамі Беларусі і іншымі асобамі перад прэзыдэнцтвам выбарамі 2020 году, і іх наступствы, гаворыцца на сайце праекту.
Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.