У Расеі заявілі аб маштабнай хакерскай атацы на рэсурсы дзяржаўных СМІ

Так выглядае інтэрнэт-старонка тэлеканалу РТР 7 кастрычніка 2024 году пасьля кібэратакі

IT-група «sudo rm -RF» вядомая тым, што ў пачатку жніўня 2023 году ажыцьцявіла кібэратаку на Маскоўскае гарадзкое бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі, а ў яе выніку перадала ўсю інфармацыю Сілам абароны Ўкраіны.

У Расеі заявілі аб беспрэцэдэнтнай хакерскай атацы на Ўсерасейскую дзяржаўную тэлерадыёкампанію.

«У гэты час яны робяць намаганьні, каб пераадолець наступствы гэтай хакерскай атакі. Працуюць спэцыялісты, каб высьветліць усе абставіны, зразумець, куды вядуць сьляды тых, хто арганізаваў гэтую хакерскую атаку на аб’ект крытычнай інфраструктуры», — працытавалі сьпікера Крамля Дзьмітрыя Пяскова ў Telegram-канале «Вести».

IT-група «sudo rm -RF», якая пазыцыянуе сябе як «Украінскі кібэрфронт», разьмясціла на сваёй старонцы на плятформе Х фота інтэрнэт-старонак тэлеканалаў «Культура», «Россия 1» і РТР з паведамленьнямі пра сеткавую памылку.


Іншыя ўкраінскія Telegram-каналы паведамляюць, што ў выніку атакі спынена трансьляцыя ў інтэрнэце і ў кабельных сетках больш як 20 тэлеканалаў. Паводле іхных зьвестак, у выніку атакі нібыта «зьнішчылі ўсю інфармацыю на сэрвэрах, унутраныя сэрвісы». Расейскія крыніцы пераконваюць, што «ўсё працуе ў штатным рэжыме, істотнай пагрозы няма».

А 14-й прапагандыстка расейскай кампаніі Вольга Скабеева паведаміла аб аднаўленьні трансьляцыі тэлеканалу «Россия 24».

IT-група «sudo rm -RF» вядомая тым, што ў пачатку жніўня 2023 году ажыцьцявіла кібэратаку на Маскоўскае гарадзкое бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі і перадала ўсю інфармацыю Сілам абароны Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група аналізу пагроз Google назвала шэсьць хакерскіх груповак, якія працуюць на Расею, у тым ліку адну беларускую