Такія дадзеныя зьмяшчаюцца ў сумеснай справаздачы Міністэрства рэпатрыяцыі і інтэграцыі Ізраіля і Габрэйскага агенцтва (Сохнут), паведамляе партал vesty.co.il.
Усяго ў Ізраіль за гэты пэрыяд пераехалі 31 тыс. чалавек з амаль 100 краін сьвету, гаворыцца ў дакумэнце.
Больш за ўсё рэпатрыянтаў прыбыло з Расеі — 19 850, далей ідуць ЗША і Канада — 3340 разам, Францыя — 1820, Украіна — 980, Беларусь — 795, Вялікая Брытанія — 560, Аргентына — 450, Грузія — 320, ПАР — 250.
31% рэпатрыянтаў складаюць людзі ва ўзросьце ад 18 да 35 гадоў, 21% — 36-50, 20% — 0-17, 13% — 51-60, 5% — 61-65, астатнія — старэйшыя за 65 гадоў. 52% рэпатрыянтаў — жаночага полу, 48% — мужчынскага.
У справаздачы зазначаецца, што гэтая хваля рэпатрыяцыі прайшла на фоне абвастрэньня сытуацыі ў рэгіёне, выкліканага атакай групоўкі ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году, піша Позірк.
У Ізраілі працягваецца распачатая ў кастрычніку мінулага года ваенная апэрацыя Ізраіля ў сэктары Газа, якая стала адказам на напад тэрарыстаў групоўкі ХАМАС на ўдзельнікаў музычнага фэстывалю, які праходзіў 7 кастрычніка каля мяжы з сэктарам Газа. У выніку тэрарыстычнага нападу ў Ізраілі загінула 1,2 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпелі 7,3 тыс.
23 верасьня пачалася новая фаза вайны на Блізкім Усходзе: Ізраіль атакаваў тысячы цэляў у Лібане, Міністэрства аховы здароўя гэтай краіны паведаміла аб сотнях забітых і тысячах параненых.
Ваенная апэрацыя ў Лібане атрымала назву «Стрэлы поўначы». Начальнік Генштаба Ізраіля абазначыў яе мэтай зьнішчэньне баявой інфраструктуры, якая выкарыстоўваецца баевікамі «Хэзбалы», а таксама вяртаньне жыхароў паўночных раёнаў Ізраіля ў свае дамы, якія яны былі вымушаны пакінуць у выніку пастаянных ракетных абстрэлаў (паводле дадзеных ізраільскага боку, з кастрычніка мінулага году зь Лібана было выпушчана ня менш за 7000 ракет), а таксама запускаў бесьпілётных лятальных апаратаў з тэрыторыі Лібана.
Увечары 1 кастрычніка Іран зрабіў ракетную атаку на Ізраіль. Па тэрыторыі дзяржавы было запушчана каля 200 балістычных снарадаў.
Перад атакай у прыгарадзе Тэль-Авіва Яфа тэрарысты расстралялі людзей на прыпынку грамадзкага транспарту. Загінула ня менш за сем чалавек. Яшчэ 16, у тым ліку грамадзянін Беларусі, атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці.
У Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі заявілі, што атака зьяўляецца адказам на забойства лідэра ХАМАС Ісмаіла Ханіі, лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралы і камандуючага Корпусам Абаса Нільфрушана 20 верасьня ў Бэйруце.
Рэпатрыяцыя ў Ізраіль (алія) — вяртаньне ў краіну людзей габрэйскай нацыянальнасьці. Рэгулюецца спэцыяльным «Законам аб вяртаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зачынілі жалезныя дзьверы і пачулі гарадзкія сырэны, аддаленыя выбухі». Беларусы пра жыцьцё ў Ізраілі падчас абстрэлаўВайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.