У Менску затрымалі грамадзяніна Расеі, хакейнага агента Мікіту Квартальнава, паведамляе спартовы партал «Трыбуна». Паводле інфармацыі мэдыя, гэта адбылося тры дні таму. Прычыны невядомыя.
5 кастрычніка тэлеграм-канал «Хакей без цэнзуры» паведаміў, што мужчыну «затрымалі на 10 сутак».
Як піша «Позірк», Мікіта Квартальнаў — сын Дзьмітрыя Квартальнага, галоўнага трэнэра зборнай Беларусі і клюбу «Дынама» (Менск), які выступае ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе.
На абедзьве пасады расеец быў прызначаны 11 красавіка 2023 году.
30-гадовы Квартальнаў-малодшы — былы хакеіст. Нарадзіўся ў Бостане, калі ў мясцовым клюбе Нацыянальнай хакейнай лігі выступаў яго бацька. У «Вікіпэдыі» пазначана, што мае таксама грамадзянства ЗША. Выступаў за розныя расейскія клюбы. Кар’еру завяршыў ва ўзросьце 24 гадоў праз хваробу.
Раней у СМІ неаднаразова паведамлялася, што Квартальнаў у якасьці агента спрабуе ўплываць на кадравую палітыку менскага «Дынама».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ператварыла замак у шэлтэр для беларусаў. Гісторыя Натальлі Калегавай