У выпадку нападу Украіны на Беларусь Лукашэнка зможа выкарыстоўваць ядзерную зброю з дазволу Крамля, — Мядзьведзеў

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка

У выпадку нападу Украіны на Беларусь Аляксандр Лукашэнка зможа выкарыстоўваць расейскую тактычную ядзерную зброю (ТЯЗ) з дазволу Масквы, вынікае з допісу ў тэлеграм-канале намесьніка кіраўніка Савета бясьпекі РФ Дзьмітрыя Мядзведзева.

«[У такой сітуацыі] у Аляксандра Рыгоравіча будзе поўная падстава зьвярнуцца да Расеі для выкарыстаньня разьмешчанай у Беларусі ТЯЗ. І яму складана будзе адмовіць у задавальненьні паглядзець на агеньчыкі ў Кіеве», — заявіў Мядзьведзеў. Пра гэта піша «Позірк».

Такім чынам ён адрэагаваў на словы дэпутата Вярхоўнай рады Украіны ад кіроўнай партыі «Слуга народа» Алега Дунды, які 6 кастрычніка на 13-м «Форуме свабоднай Расеі» ў Вільні заявіў пра неабходнасьць «перанесьці вайну ў Беларусь».

«Я глыбока ўпэўнены [ў гэтым]. Зайшоўшы адносна невялікім падразьдзяленьнем у Беларусь, беларускае войска складзе сваю зброю. Гэта нават ня ўпэўненасьць, гэта веданьне. Я б так сказаў. А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве», — перадае словы дэпутата «Белсат».

Дунда мяркуе, што тым самым можна паказаць Расеі, што яна не кантралюе Беларусь. «Яна не гатовая абараняць гэтыя тэрыторыі», — сказаў парлямэнтар.

Масква «пакідае за сабой права» ўжыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі, заявіў Уладзімір Пуцін на пасяджэньні Савета бясьпекі РФ 25 верасьня.

15 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ў выпадку агрэсіі ў дачыненьні да Беларусі, Расея ўводзіць свае падразьдзяленьні ў Беларусь».

30 чэрвеня начальнік Генэральнага штаба — першы намесьнік міністра абароны Павел Муравейка заявіў, што Беларусь разглядае «вяртаньне <...> нестратэгічнай ядзернай зброі як стрымліваючы фактар».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы пераклад «Іліяды» на беларускую і кулінарнае шоў. Як пачаўся фэст «Прадмова-2024»