5 кастрычніка Армія абароны Ізраілю нанесла ўдар па горадзе Трыпалі на поўначы Лібану, паведамляе Reuters са спасылкай на неназванага прадстаўніка лібанскай службы бясьпекі. Суразмоўца паведаміў агенцтву, што ў выніку ўдару загінуў адзін зь сябраў ХАМАС (прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і ЭЗ), яго жонка і двое дзяцей.
Як паведамляе «Аль-Джазіра», загінулы Саід Атала Алі быў адным зь лідэраў ваеннага крыла ХАМАС — «Брыгады Аль-Касам». Удар нанесьлі па ягоным доме ў лягеры палестынскіх уцекачоў у Трыпалі на поўначы Лібану.
У Арміі абароны Ізраілю таксама заявілі пра ліквідацыю Саіда Аталы. У ЦАХАЛ лічаць, што ён датычны да тэрактаў і займаўся вэрбаваньнем баевікоў ХАМАС у Лібане.
Ізраільскае войска працягвае наносіць удары па Бэйруце і прыгарадзе сталіцы Лібану. У ЦАХАЛ паведамілі, што ў ноч на 5 кастрычніка нанесьлі ўдары па чальцах групоўкі «Хезбала», «якія дзейнічалі ў камандным цэнтры, што разьмяшчаўся ў мячэці, прылеглай да бальніцы Салах-Гандур на поўдні Лібану».
Зь пятніцы няма сувязі зь меркаваным пераемнікам забітага лідара «Хезбалы» Хашэмам Сафіедзінам пасьля ізраільскага авіяўдару па Бэйруце 4 верасьня, які, як паведамляецца, быў накіраваны па ім, сказала Reuters 5 кастрычніка крыніца службы бясьпекі Лібану. Удары ЦАХАЛ па сталіцы Лібану, якія працягваюцца, не дазваляюць весьці пошукі на месцы абстрэлу, дзе знаходзілася сховішча новага лідэра «Хезбалы».
«Хезбала» пакуль не рабіла ніякіх заяваў адносна Сафіедзіна пасьля атакі Ізраілю.
CША адносяць «Хезбалу» да тэрарыстычных арганізацыяў, а Эўразьвяз унёс у чорны сьпіс яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю. Партыя «Хезбала» мае месцы ў лібанскім парлямэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль паведаміў пра ўдар па штабе выведкі «Хэзбалы» ў Бэйруце- Паводле ўладаў Лібану, за апошні год у краіне загінулі больш за дзьве тысячы чалавек, большасьць зь іх — за апошнія два тыдні. Больш за 1,2 мільёна лібанцаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
- Ізраіль пачаў апэрацыю «Стрэлы поўначы» супраць «Хезбалы» 23 верасьня 2024 году. Мэтай былі названыя зьнішчэньне ваеннай інфраструктуры групоўкі і забесьпячэньне ўмоваў для вяртаньня эвакуаваных ізраільцян у свае дамы на поўначы краіны.
- 27 верасьня ЦАХАЛ разбурыў штаб-кватэру ваеннага крыла «Хезбалы», у выніку чаго быў забіты лідэр арганізацыі Хасан Насрала.