Пра гэта сьвятар паведаміў у Instagram, апублікаваўшы фота сустрэчы папам Францішкам.
«Паразмаўляў сёньня са Сьвятым Айцом Францішкам. Ніхто нам не перашкаджаў. Не было іншых удзельнікаў у чарзе да Папы, таму мы сёньня даўжэй паразмаўлялі. З бласлаўленьнем Пантыфіка для ўсёй Беларусі я шчасьлівы адышоў ад Сьвятога Айца», — коратка апісаў сустрэчу біскуп Аляксандар Яшэўскі.
Сутнасьць гутаркі невядомая. Зала друку Апостальскай Сталіцы пра асабістую сустрэчу не паведамляе, ня згадвае пра яе і афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі.
Біскуп Аляксандар Яшэўскі прадстаўляе каталіцкі касьцёл у Беларусі на другой сэсіі XVI Ардынарнай генэральнай асамблеі сынода біскупаў, якая праходзіць з 2 кастрычніка.
19 верасьня ў агульнай сустрэчы новапрызначаных біскупаў з пантыфікам браў удзел дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. На той сустрэчы ён спытаў ў Папы Францішка, што трэба зрабіць, каб спыніць вайну паміж Расеяй і Ўкраінай. На гэта, пантыфік адказаў: «Вы ў Беларусі добра ведаеце, што ніколі нельга зачыняць дзьверы для перамоваў, што трэба трымаць іх адкрытымі», бо «толькі будучы гатовымі слухаць і чуць адно аднаго можна дайсьці да добрага выніку». Таксама Папа Францішак адзначыў, што «ведае Беларусь», прасіў «перадаць прывітаньне прэзыдэнту Лукашэнку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — на 2-м месцы ў сьвеце па колькасьці арыштаў каталіцкіх сьвятароў і манахаў- Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і царквы ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія герархі і вернікі розных канфэсіяў адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсіяў, якія пачаліся ўсьлед за масавымі пратэстамі.
- З 2020 году пад перасьлед з боку ўлады трапілі ў тым ліку сьвятары, актыўныя вернікі і рэлігійныя арганізацыі.
- Паводле зьвестак ініцыятывы «Хрысьціянская візія», зь верасьня 2020 году пад перасьлед трапілі дзясяткі рымска-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх сьвятароў, пастараў і служнікаў: яны зазналі ператрусы, затрыманьні, суды, арышты, крымінальны перасьлед, штрафы, катаваньні і пагрозы. асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
- Знакавы для вернікаў каталіцкі Чырвоны касьцёл ў Менску быў зачынены на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году, і дасюль застаецца зачыненым.
- Каталіцызм — другая па колькасьці пасьлядоўнікаў хрысьціянская канфэсія ў Беларусі.