Палова снарадаў, якія выкарыстоўвае Расея ў вайне супраць Украіны — каля трох мільёнаў у год — пастаўляе Паўночная Карэя, паведамляе The Times са спасылкай на крыніцы ў заходніх выведках.
Хоць многія паўночнакарэйскія снарады могуць быць няспраўнымі або састарэлымі, іх аб’ём дазваляе Расеі падтрымліваць апэратыўную эфэктыўнасьць на полі бою, адзначаюць крыніцы. Крыніцы падкрэсьліваюць, што Расея ўпала ў залежнасьць ад паставак артылерыйскіх снарадаў з Паўночнай Карэі.
Аб’ёмы паставак павялічыліся пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у чэрвені гэтага году наведаў Пхэньян і падпісаў з КНДР пагадненьне аб стратэгічным партнэрстве. Гэтай дамовай прадугледжана наданьне абодвума бакамі ўзаемнага садзейнічаньня ў выпадку нападу на іх трэцяй краіны.
Заходнія краіны неаднаразова абвінавачвалі Паўночную Карэю ў продажы боепрыпасаў Расеі насуперак міжнародным санкцыям. У парушэньні забароны на вайсковае супрацоўніцтва з КНДР Расею абвінавацілі таксама сем чальцоў Рады Бясьпекі ААН.
The Times нагадвае, што кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў у верасьні папярэджваў, што КНДР зь вялікім адрывам лідзіруе ў пераліку пастаўшчыкоў узбраеньня Расеі, і асабліва «крытычнай» для Ўкраіны зьяўляецца пастаўка Расеі паўночнакарэйскіх боепрыпасаў.
- У жніўні выданьне Newsweek паведаміла са спасылкай на зьвесткі паўднёвакарэйскай выведкі, што пачынаючы зь сярэдзіны 2022 году КНДР адправіла ў Расею больш за 13 тысяч марскіх кантэйнэраў, у якіх, меркавана, знаходзіліся больш за 6 мільёнаў 152-мм артылерыйскіх снарадаў, а таксама 122-мм мабільныя зэнітныя ракетныя комплексы, супрацьтанкавыя ракеты і іншая вайсковая тэхніка.
- У лютым газэта The New York Times паведаміла, што Расея ў абмен на боепрыпасы дазволіла КНДР атрымаць доступ да сусьветнай фінансавай сыстэмы, а таксама разблякавала частку паўночнакарэйскіх актываў, якія трапілі пад санкцыі ААН.