Польшча вырашыла пачаць будаўніцтва «Ўсходняга шчыта» на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй ужо сёлета

Намесьнік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык расказвае пра пляны рэалізацыі праграмы абароны «Ўсходні шчыт»

Польшча пачне будаўніцтва першых элемэнтаў праграмы абароны «Ўсходні шчыт» на межах зь Беларусьсю і Расеяй ужо ў канцы 2024 году, паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 4 кастрычніка намесьнік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык.

«У бліжэйшыя 3 тыдні мы ўжо зможам правесьці першыя выпрабаваньні элемэнтаў „Усходняга шчыта“ на польскіх вайсковых палігонах, а ў канцы гэтага году мы пачнем будаўніцтва першых элемэнтаў на паўночнай і ўсходняй мяжы Польшчы», — удакладніў ён.

У праграму абароны «Ўсходні шчыт» уваходзіць будаўніцтва ўмацаваньняў, а таксама натуральных перашкодаў на мясцовасьці на межах зь Беларусьсю і Расеяй. Паводле ранейшай інфармацыі польскіх СМІ, на некаторых участках мяркуецца разьмяшчэньне мінных палёў, фізычных бар’ераў па тыпе бэтонных супрацьтанкавых «вожыкаў» і ліній абароны з бэтоннымі блёкамі.

Сыстэма «Ўсходні шчыт» ахопіць Паморскае, Вармінска-Мазурскае, Люблінскае, Падляскае і Падкарпацкае ваяводзтвы Польшчы.

Будаўніцтва будзе каштаваць Польшчы каля 10 мільярдаў злотых (каля 2,5 мільярдаў даляраў).

У будаўніцтве будуць удзельнічаць брытанскія і амэрыканскія войскі, Літва, Латвія, Эстонія. Праект плянуюць завяршыць да 2028 году.

«Мы хочам, каб усходняя і паўночная мяжа Польшчы была ня толькі найлепшай умацаванай мяжой у Эўропе, але і самай сучаснай мяжой у Эўропе», — заявіў намесьнік міністра абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жалезная заслона» пад Горадняй і Берасьцем. Да чаго вядзе эскаляцыя беларуска-польскіх дачыненьняў