У Варонежскай вобласьці Расеі дроны атакавалі некалькі прадпрыемстваў, адзін чалавек паранены

Архіўнае ілюстрацыйнае фота

У Варонежскай вобласьці Расеі ў ноч на 5 кастрычніка бесьпілётнікі атакавалі «некалькі прадпрыемстваў, якія выпускаюць грамадзянскую прадукцыю», паведаміў губэрнатар рэгіёну Аляксандар Гусеў.

Ён не ўдакладніў, пра якія прадпрыемствы ідзе гаворка. Паводле Гусева, ёсьць адзін пацярпелы — мужчына атрымаў аскепкавае раненьне ў руку.

«На тэрыторыі аднаго паверха ў будынку таго ж прадпрыемства ўзьнікла ўзгараньне. На месцы здарэньня працуюць апэратыўныя службы», — гаворыцца ў паведамленьні губэрнатара.

Расейскія тэлеграм-каналы сьцьвярджаюць, што пад атаку дронаў трапіў сьпіртзавод у Новахоперскім раёне Варонескай вобласьці, але пацьверджання гэтай інфармацыі няма.

Мінабароны Расеі паведаміла, што за ноч сілы СПА зьбілі 10 украінскіх бесьпілётнікаў. Сем — над Белгарадзкай вобласьцю, два — над Курскай і яшчэ адзін над Варонежскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнікі атакавалі 9 рэгіёнаў Расеі. Расея зноў атакавала Кіеў