Праз год пасьля таго, як Ізраіль у адказ на напад групоўкі ХАМАС пачаў баявыя дзеяньні ў сэктары Газа, мы глядзім на чалавечую цану гэтага разбуральнага канфлікту. У гэтай вайне загінулі больш як 41 тысяча палестынцаў, у асноўным цывільных, і яна прывяла да маштабных разбурэньняў на гэтай палестынскай тэрыторыі.
Год таму Ізраіль распачаў адну з самых сьмяротных і разбуральных кампаніяў бамбаваньня сэктару Газа ў сучаснай гісторыі.
Яна пачалася празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як ХАМАС, групоўка, якая кантралюе сэктар Газа і якую ЗША і Эўразьвяз прызналі тэрарыстычнаю, учыніла беспрэцэдэнтны напад на Ізраіль, найбольш сьмяротны ў гісторыі гэтай краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кібуцы побач з Газай пры нападзе ХАМАСу былі забітыя дзясяткі людзей, у тым ліку малыя дзеціМэта Ізраілю зьнішчыць ХАМАС прывяла да велізарных ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва і да разбурэньня інфраструктуры на гэтай палестынскай тэрыторыі, адной з найбольш густанаселеных у сьвеце.
Сьмяротныя выпадкі
У Газе з 7 кастрычніка 2023 году забіта больш за 41 тысячу палестынцаў, паводле Міністэрства аховы здароўя, падкантрольнага ХАМАС.
Мяркуецца, што большасьць гэтых людзей былі цывільнымі жыхарамі, значная частка ахвяраў – дзеці, якія складаюць больш за палову ад прыблізна 2 мільёнаў насельніцтва Газы.
Высокі камісар ААН у правах чалавека Фолькер Цюрк сказаў сёлета ў красавіку, што ў Газе «кожныя 10 хвілін забіваюць ці раняць дзіця». Паводле яго, дзеці «непрапарцыйна плацяць найвышэйшую цану ў гэтай вайне».
Лічыццца, што загінулых можа быць яшчэ больш. Паводле ААН, магчыма, больш за 10 тысяч чалавек застаюцца пахаванымі пад заваламі разбураных жылых будынкаў у Газе.
На акупаваных тэрыторыях Заходняга берага ракі Ярдан забіта больш за 700 палестынцаў, у тым ліку звыш 150 дзяцей, паводле Міністэрства аховы здароўя Палестыны.
У адрас ізраільскіх узброеных сілаў таксама гучаць абвінавачаньні ў незаконным выкарыстаньні сьмяротнай сілы ў выпадках, калі палестынцы былі застрэленыя, у тым ліку ў наўмысных забойствах палестынцаў, якія ня несьлі відавочнай пагрозы бясьпецы.
Паводле Ізраілю, падчас нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году забітыя 1 139 чалавек, у тым ліку 685 ізраільскіх мірных жыхароў і 71 іншаземец.
Ізраіль кажа, што падчас наземнага ўварваньня ў Газу, якое пачалося празь некалькі тыдняў пасьля пачатку бамбаваньня, забітыя 346 ізраільскіх вайскоўцаў.
Паводле ізраільскіх ацэнак, у Газе забітыя каля 17 тысяч байцоў ХАМАС. Прадстаўнікі ХАМАС аспрэчваюць гэтую лічбу.
Падчас свайго нападу ХАМАС захапіў у закладнікі 251 ізраільца. Амаль палову зь вызвалілі, некаторых падчас ізраільскіх апэрацыяў, а іншых праз абмен з ХАМАС. Мяркуюць, што ў Газе застаюцца больш за 100 закладнікаў, а рэшта іх загінула, у тым ліку і ад ізраільскіх удараў.
Разбурэньне інфраструктуры
Ізраіль, паводле ААН, зьнішчыў больш за палову пабудоваў у сэктары Газа. Яшчэ каля 360 тысяч жылых будынкаў пашкоджаныя.
Здымкі з спадарожнікаў паказваюць, што ад пачатку канфлікту зьнішчана мінімум 53 школы, заявіла ААН.
Ізраіль заяўляе, што зьнішчаў «тэрарыстычную» інфраструктуру ў Газе, і абвінавачвае ХАМАС у выкарыстанні цывільных жыхароў як жывых шчытоў.
Параненыя падчас вайны
Падчас наземнай апэрацыі і бамбаваньняў з боку Ізраілю параненыя больш за 95 000 палестынцаў, паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ).
Паводле САЗ, прынамсі чвэрць гэтых раненьняў радыкальна мяняе лад жыцьця параненых – многія прайшлі ампутацыі і патрабуюць грунтоўнай рэабілітацыі.
Сьмерці работнікаў СМІ і дабрачынных арганізацый
У Газе забітыя прынамсі 116 журналістаў і работнікаў СМІ, паводле Камітэту абароны журналістаў (CPJ), які месьціцца ў Нью-Ёрку.
Сама меней пяць рэпартэраў сталі непасрэднымі цэлямі для ізраільскіх войскаў. CPJ клясыфікаваў гэтыя выпадкі як наўмысныя забойствы.
Гэта зрабіла вайну Ізраілю ў Газе найбольш сьмяротным канфліктам для журналістаў.
Работнікі дабрачынных арганізацый таксама былі забітыя падчас працы на тэрыторыі баявых дзеяньняў. Паводле ААН, падчас канфлікту загінулі больш за 250 работнікаў арганізацый, якія займаліся гуманітарнай дапамогай.
Гуманітарны крызіс у Газе
Амаль усяму насельніцтву сэктару Газа пагражае голад праз надзвычайную, паводле комплекснай клясыфікацыі стадыяў харчовай бясьпекі, нястачу ежы.
Ізраіль выкарыстоўвае голад сярод цывільнага палестынскага насельніцтва як зброю ў ваенных дзеяньнях у сэктары Газа, што ёсьць ваенным злачынствам, заявіла ў сьнежні 2023 году праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.
Унутрана перамешчаныя палестынцы
Больш за 85% жыхароў Газы, ці больш за 1,9 мільёна чалавек, на канец 2023 году былі ўнутрана перамешчанымі на гэтай тэрыторыі, паводле ацэнак ААН.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хэзбалой». Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.