Хроніка перасьледу 4 кастрычніка: за здымкі вайсковай тэхнікі ў Лоеве затрымалі мужчыну 

Затрыманьне. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

За здымку вайсковай тэхнікі ў Лоеве затрымалі мужчыну

У тэлефоне 29-гадовага затрыманага мужчыны знайшлі шмат відэа і фота зь месцамі дысьлякацыі вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі, а таксама падпіскі на «экстрэмісцкія каналы», паведамляе «Вясна» з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 верасьня: у Пінску судзяць журналіста, якога пабілі падчас пратэстаў; новыя суды над палітвязьнямі

Украінца і двух беларусаў будуць судзіць у Гомлі за «агентурную дзейнасьць» і «здраду дзяржаве»

У Гомельскім абласным судзе 15 кастрычніка пачнуць судзіць грамадзяніна Украіны Вячаслава Барадзія, а таксама беларусаў Мікалая Ласоўскага і Валянціну Полаз, паведамляюць праваабаронцы.

Падрабязнасьці перасьледу ўкраінскага егера сталі вядомыя летась з прапагандысцкага фільму, у якім Вячаслава падчас сьледчых дзеяньняў вадзілі на ланцугу. Трох чалавек абвінавачваюць паводле 6 крымінальных артыкулаў, гэта ў тым ліку «здрада дзяржаве» і «агентурная дзейнасьць». Працэс будзе весьці судзьдзя Яўген Шаршнёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 верасьня: На Гомельшчыне затрымалі як мінімум 10 чалавек

Менчука пачалі судзіць за «падрыхтоўку да ўдзелу ў ваенных дзеяньнях»

Крымінальную справу супраць Аскера Алахвердзіева пачалі разглядаць сёньня ў закрытым рэжыме ў Менскім гарадзкім судзе. Яму інкрымінуюць ч. 1 арт. 361-3 КК («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньне або рыхтаваньне асобаў да такога ўдзелу»). Працэс вядзе Сьвятлана Чарапанава.

Гэты артыкул прадугледжвае абмежаваньне волі да 5 гадоў ці пазбаўленьне волі ад 2 да 5 гадоў.

Згодна з сацыяльнымі сеткамі Аскера, ён жыў у Менску, займаўся спортам, здымаўся ў відэа. Апошні раз ён заходзіў на сваю старонку «Ўкантакце» ў ліпені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: масавы суд за за пратэсты-2020 у Берасьці, пэнсіянэрак судзяць за «экстрэмізм» і падтрымку палітвязьняў