Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) у рэзалюцыі аб сытуацыі ва Ўкраіне ўказала, што па стане на 18 верасьня 2024 году 65 956 украінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў лічацца як зьніклыя бязь вестак або палонныя.
Пры гэтым у ПАРЭ зазначаюць, што амаль 51 тысяча зь іх лічацца зьніклымі бязь вестак на падставе праверанай інфармацыі. «Насамрэч іх колькасьць нашмат вышэйшая», — гаворыцца ў рэзалюцыі. ПАРЭ зазначае, што сярод вызваленых раней з расейскага палону траціна людзей дагэтуль лічыліся зьніклымі бязь вестак, бо Расея «не прадставіла своечасовую інфармацыю пра іх лёс насуперак сваім міжнародным абавязаньням».
Эўрапейскія дэпутаты падкрэсьлілі, што, прымаючы рэзалюцыю, хацелі б стаць «голасам ваеннапалонных і цывільных асобаў, якіх утрымліваюць у Расеі або на часова акупаваных тэрыторыях Украіны».
У рэзалюцыі ПАРЭ падкрэсьлілі, што ўзрушаныя высновамі міжнародных арганізацый, якія прадаставілі доказы сыстэматычнага ўжываньня катаваньняў у дачыненьні да ўкраінскіх палонных украінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў.
ПАРЭ «настойліва» заклікала Расею даць Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа і адпаведным структурам ААН доступ да месцаў утрыманьня ўкраінскіх ваеннапалонных і цывільных асобаў, як таго патрабуе міжнароднае гуманітарнае права.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: з сакавіка 2023 году 10 украінскіх вайскоўцаў і адзін мэдык загінулі ў расейскім палоне- У чэрвені прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сьцьвярджаў, што ва Ўкраіне ў палоне знаходзяцца 1348 расейцаў, а ў Расеі — 6465 украінцаў.
- 1 кастрычніка Маніторынгавая місія ААН па правах чалавека апублікавала абноўлены даклад пра стан правоў чалавека ва Ўкраіне. Згодна з дакумэнтам, з сакавіка 2023 году ў расейскім палоне загінулі 10 украінскіх вайскоўцаў і адзін мэдыцынскі работнік — праз катаваньні, дрэнныя ўмовы або неналежны мэдыцынскі догляд. Расея абвінавачваньні ў катаваньнях і іншых формах жорсткага абыходжаньня з ваеннапалоннымі адмаўляе.