У Літве памежнікі прымусілі расейскіх праваднікоў сьцерці сымбаль «Z» і надпісы ZOV і «Вільня — горад Расеі» (напісаны на расейскай мове) з вагонаў транзытнага цягніка, які накіроўваўся ў Калінінград, паведамляе Delfi са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Цягнік Масква — Калінінград прыбыў у пункт пропуску «Кена» на беларуска-літоўскай мяжы 2 кастрычніка. Памежнікі заўважылі, што на адным з вагонаў чорнай фарбай нанесьлі сымбаль Z і надпіс ZOV, яшчэ на адным вагоне напісалі па-расейску: «Вільня — горад Расеі».
«Пэрсанал цягніка ня змог растлумачыць, адкуль узяліся гэтыя надпісы», — заявілі ў на Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Супрацоўнікі службы папрасілі сьцерці надпісы, інакш пасажырам давядзецца перасесьці ў іншыя вагоны, а вагоны з надпісамі адчэпяць і не прапусьцяць на тэрыторыю Літвы. Пасьля гэтага праваднікі пад наглядам памежнікаў сьцерлі надпісы, і цягнік працягнуў свой шлях, гаворыцца ў паведамленьні.
- У Літве агрэсію Расеі супраць Украіны прыраўнялі да «публічнага ўхваленьня міжнародных злачынстваў» — артыкул 170 Крымінальнага кодэксу Літвы да гэтага часу распаўсюджваўся толькі на ўхваленьне, адмаўленьне або прымяншэньне злачынстваў, учыненых СССР або нацысцкай Нямеччынай супраць Літоўскай Рэспублікі або яе жыхароў, але пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага 2020 году артыкул дапоўнілі адпаведнай рэзалюцыяй.
- Літара Z выкарыстоўваецца расейскімі прапагандысцкімі рэсурсамі як сымбаль уварваньня (ці, як гэта афіцыйна называюць у Расеі, «спэцыяльнай апэрацыі») расейскіх войскаў ва Ўкраіну. Літары Z і V наносяць, у прыватнасьці, на расейскую тэхніку. У Мінабароны Расеі тлумачылі, што лацінская літара Z нібыта азначае «за перамогу», а V — «сіла ў праўдзе» і «задача будзе выкананая».