«Ваша бясьпека важная для нас, і ваша барацьба за свабоду адлюстроўвае нашы асноўныя прынцыпы і каштоўнасьці», — сказаў Рутэ на сумэснай зь Зяленскім прэс-канфэрэнцыі, яго цытуе Reuters.
Марк Рутэ паўтарыў абяцаньне, што Ўкраіна стане сябрам NATO у будучыні і што цяпер яна «бліжэй да NATO, чым калі-небудзь раней».
Таксама генсакратар NATO адзначыў, што першачарговай задачай для Альянсу, акрамя дапамогі, зьяўляецца папаўненьне запасаў узбраеньняў краін NATO. Ён падкрэсьліў, што Ўкраіна мае права абараняць сябе, а міжнароднае права на яе баку.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паўтарыў свой заклік да саюзьнікаў дазволіць Украіне наносіць удары ўглыб тэрыторыі Расеі з выкарыстаньнем заходняй зброі, заявіўшы, што яны «адкладаюць» гэта рашэньне, а таксама даць Украіне дальнабойную зброю.
Паводле Рутэ, дазвол для Кіева на дальнабойныя ўдары па тэрыторыі Расеі краіны-сябры NATO абмяркуюць на наступнай сустрэчы па падтрымцы Ўкраіны ў фармаце «Рамштайн» 12 кастрычніка. Пры гэтым Рутэ падкрэсьліў, што кожная краіна, якая ўваходзіць ваенны саюз, сама вырашыць, якія абмежаваньні існуюць для яе зброі, якая пастаўляецца Ўкраіне.
Таксама Зяленскі выказаў надзею на зьмену пазыцыі NATO па абароне ўкраінскага неба.
«Мы бачым, як на Блізкім Усходзе ўдаецца абараняць людзей дзякуючы адзінству саюзьнікаў. Сумеснае зьбіцьцё іранскіх ракет нічым не адрозьніваецца ад зьбіцьця расейскіх ракет і іранскіх «Шахедаў», — сказаў Зяленскі, удакладніўшы, што саюзьнікі Ўкраіны пакуль не прыйшлі да згоды ў гэтым пытаньні, цытуе «Українська правда».
Камэнтуючы адступленьне Ўзброеных сіл Украіны з Вуглядара, прэзыдэнт Украіны сказаў, што такое рашэньне дазволіла захаваць жыцьці вайскоўцаў.
«Трэба берагчы іх жыцьці, таму што яны важнейшыя, чым любыя забудовы», — зазначыў Зяленскі.