Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць беларускага «Альфа-Банку»

Аддзяленьне беларускага «Альфа-Банку» ў Менску, архіўнае фота

Трэцяга кастрычніка ўрад Вялікай Брытаніі ўвёў санкцыі супраць беларускага «Альфа-Банку», вынікае з дакумэнту, апублікаванага на сайце брытанскага ўраду.

«ЗАТ „Альфа-Банк“ (Беларусь)» указаны ў абноўленым сьпісе арганізацыяў, якія апынуліся пад санкцыямі Вялікай Брытаніі.

Санкцыі прадугледжваюць замарожваньне актываў і іншых сродкаў ці эканамічных рэсурсаў банку, спыненьне працы з сродкамі і эканамічнымі рэсурсамі і забарону надаваць сродкі ці рэсурсы проста або ўскосна.

Санкцыі тлумачыцца тым, што беларускі «Альфа-Банк» удзельнічае або ўдзельнічаў у атрыманьні выгады ад ураду Беларусі або ў яго падтрымцы празь дзейнасьць у сэктары, які мае стратэгічнае значэньне для ўраду Беларусі, а менавіта ў сэктары фінансавых паслуг.

Расейскі «Альфа-Банк» трапіў пад санкцыі Вялікай Брытаніі ў 2022 годзе, ён таксама пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША.

Беларускі «Альфа-Банк» зь лістапада 2022 году пад санкцыямі Канады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада ўвяла санкцыі супраць Альфа-Банку і МТБанку