Лукашэнка пра супрацу з Азэрбайджанам: «Мы не парушаем нормаў міжнароднага права і не сябруем супраць іншых краінаў»

Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Азербайджана Алі Асадавым

Прэм’ер Азэрбайджану перадаў Аляксандру Лукашэнку запрашэньне на Канфэрэнцыю бакоў рамачнай канвэнцыі ААН аб зьменах клімату (COP29), якая адбудзецца сёлета ў лістападзе ў Баку.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што супраца Беларусі і Азэрбайджану адбываецца ў межах міжнароднага права.

«Нягледзячы на рознага кшталту пэрыпэтыі на міжнароднай арэне, вы і мой сябар, мой вельмі блізкі сябар і брат Ільхам Гейдаравіч [Аліеў], павінны ведаць, што закрытых тэмаў у дачыненьнях паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам няма. Пры гэтым мы не парушаем ніякіх нормаў міжнароднага права, мы не сябруем супраць трэціх краін, мы робім сваю справу ў імя нашых народаў», — сказаў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Азэрбаджайну Алі Асадавым 3 кастрычніка ў Менску.

Як адзначаецца на сайце Аляксандра Лукашэнкі, ён таксама паабяцаў падтрымліваць Азэрбайджан на міжнароднай пляцоўцы. «У нас праблем няма, мы падтрымліваем адно аднаго, падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Я вельмі ўдзячны ўраду Азэрбайджану і прэзыдэнту за тую калясальную падтрымку, якую яны нам аказваюць», — дадаў ён.

Алі Асадаў перадаў Аляксандру Лукашэнку запрашэньне на Канфэрэнцыю бакоў рамачнай канвэнцыі ААН аб зьменах клімату (COP29), якая адбудзецца сёлета ў лістападзе ў Баку.

Пасьля гэтага з дэлегацыяй Азэрбайджану на чале з прэм'ер-міністрам Алі Асадавым сустрэўся прэм'ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка. Пасьля сустрэчы ён распавёў пра актывізацыю працы па пастаўках у Беларусь з Азэрбайджану прадукцыі «ў мэтах замяшчэньня імпарту тавараў зь недружалюбных краін». Паводле Галоўчанкі, у Беларусі бачаць «істотную дынаміку імпарту» з Азэрбайжану, у прыватнасьці, наладжаныя пастаўкі «тавараў хімічнай і плодаагародніннай прадукцыі».

Чыноўнік заявіў пра неабходнасьць «актывізаваць сумесную работу» па праектах, якія патрабуюць «больш пільнай увагі»: стварэньне ў Азэрбайджане сумеснай вытворчасьці вэтэрынарных прэпаратаў, лякалізацыю вытворчасьці беларускіх лекавых сродкаў, працу па пастаўцы ў Азэрбайджан «вагонаў рознага прызначэньня». Паводле яго, агулам існуе 12 сумесных з Азэрбайджанам праектаў.

Паводле Галоўчанкі, беларуска-азэрбайджанскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, «дэманструе ўпэўненую пазытыўную дынаміку»: у 2023 годзе тавараабарот паміж краінамі вырас на 16%, за 7 месяцаў 2024-га — больш як удвая да аналягічнага леташняга пэрыяду. Дакладных лічбаў Галоўчанка не прывёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка папрасіў Аліева «знайсьці месца для Беларусі» ў аднаўленьні Азэрбайджану пасьля «вызваленчай вайны»


Лукашэнка, падобна, згадаў тэму міжнароднага права ў супрацы Беларусі і Азэрбаджану ў сувязі з ранейшымі заявамі прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньняна пра тое, што «мінімум дзьве краіны АДКБ» удзельнічалі ў рыхтаваньні вайны супраць Армэніі. Ён не ўдакладніў, якія краіны меў на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку. Ён адзначыў, што «мэтаю 44-дзённай вайны было спыненьне існаваньня Армэніі».

Пасьля гэтага Армэнія прыпыніла свой удзел у Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

У чэрвені 2024 году прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што ніякія афіцыйныя асобы Армэніі ня будуць наведваць Беларусь, пакуль Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе. І бакі на ўзаемнай аснове адклікалі сваіх амбасадараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмʼер Армэніі заявіў, што не прыедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе Лукашэнка. Зь Менску і Ерэвану адклікалі амбасадараў


У 2018 годзе Беларусь і Азэрбайджан падпісалі кантракт аб пастаўцы 10 рэактыўных сыстэмаў залпавага агню «Палянэз». За іх Азэрбайджан заплаціў 160 мільёнаў даляраў, прычым усе грошы былі пералічаныя перадаплатай. Пазьней гэтае ўзбраеньне выкарыстоўвалася для абстрэлу Нагорнага Карабаху, які Азэрбайджан узяў пад кантроль увосень 2023 году.