У ААН паведамілі, што Расея не дазволіла ажыцьцявіць гуманітарную місію ў Курскую вобласьць

Наступствы расейскага абстрэлу ўкраінскага горада Сумы, 17 жніўня 2024. Ілюстрацыйнае фота

Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека абнародаваў новую справаздачу аб колькасьці ахвяр ва Ўкраіне ад расейскай агрэсіі. У ім таксама адзначаецца, што Расея не дазволіла ААН ажыцьцявіць місію ў Курскую вобласьць пасьля ўзяцьця пэўнай яе часткі пад украінскі кантроль.

«Значнай падзеяй стаў прарыў Украінскіх узброеных сіл празь мяжу ў Курскую вобласьць Расеі 6 жніўня. У той час, як мы высьветлілі некаторыя імёны мірных жыхароў, якія былі забітыя і параненыя ў сувязі з гэтым, мы не змаглі высьветліць дакладных абставінаў гэтага праз адсутнасьць доступу і абмежаванай публічнай інфармацыі. У жніўні мы зьвярнуліся да расейскіх уладаў з просьбай палегчыць нам доступ для гэтых мэтаў, але на сёньняшні дзень яе не задаволілі», — адзначаецца ў справаздачы, абнародаванай 1 кастрычніка.

У дакумэнце паведамляецца, што колькасьць ахвяр ва Ўкраіне ад расейскай агрэсіі павялічылася за апошнія тры месяцы на 45%, а самым сьмяротным стала 8 ліпеня, калі ў выніку буйнамаштабнага скаардынаванага ракетнага нападу з боку Расеі загінулі як мінімум 43 мірныя жыхары. Большасьць ахвяраў зарэгістравалі на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

У справаздачы таксама падрабязна апісваецца, як расейскія ўлады жорстка абыходзяцца і катуюць украінскіх ваеннапалонных. «Шэраг фактараў сьведчыць аб тым, што наглядчыкі ў месцах зьняволеньня ведалі пра такое абыходжаньне і мелі магчымасьць перадухіліць яго. Некаторыя грамадзкія дзеячы ў Расейскай Фэдэрацыі адкрыта заахвочвалі бесчалавечнае абыходжаньне з украінскімі ваеннапалоннымі і нават забойства».

У дакумэнце, які Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека прадставіць 8 кастрычніка, адзначаецца, што і расейскія ваеннапалонныя праходзілі праз катаваньні і жорсткае абыходжаньне з боку ўкраінскіх вайскоўцаў на пачатковых этапах палону.

Паводле зьвестак на 31 жніўня, Маніторынгавая місія ААН у правах чалавека ва Ўкраіне пацьвердзіла, што з 24 лютага 2022 году ва Ўкраіне ў выніку гвалту, зьвязанага з вайной, загінулі 11 743 мірныя жыхары і 24 614 атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН гатовая да місіі ў частцы Курскай вобласьці, падкантрольнай Узброеным сілам Украіны
  • Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу.
  • З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, адна з мэтаў украінскіх войскаў — стварэньне «буфэрнай зоны» на расейскай тэрыторыі.
  • Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны» і пра магчымае стварэньне вайсковых камэндатур у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
  • 16 верасьня Міністэства замежных спраў Украіны афіцыйна зьвярнулася да ААН і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа з просьбай далучыцца да мераў гуманітарнага рэагаваньня ў раёнах Курскай вобласьці, якія знаходзяцца пад кантролем УСУ. У абедзьвюх арганізацыях заявілі аб гатоўнасьці ажыцьцявіць такія місіі, але ў Расеі гэтых заяваў афіцыйна не камэнтавалі.