У японскім аэрапорце выбухнула бомба, скасавалі дзясяткі рэйсаў

Ілюстрацыйнае фота

Выбух адбыўся на паўднёвым захадзе краіны.

Неразарваная амэрыканская бомба часоў ІІ усясьветнай вайны, якая, як высьветлілася, знаходзілася ў японскім аэрапорце, выбухнула 2 кастрычніка, утварыўшы вялікі кратэр на ўзьлётна-пасадачнай паласе. Аэрапорт скасаваў больш за 80 рэйсаў, заявілі японскія афіцыйныя асобы, на якіх спасылаецца АР.

Бомба выбухнула ў аэрапорце Міядзакі на паўднёвым захадзе Японіі, паведамілі прадстаўнікі Міністэрства зямлі і транспарту. На шчасьце, паблізу не было самалётаў і ніхто не пацярпеў.

Сілы самаабароны і паліцыя высьвятляюць, што стала прычынай раптоўнага выбуху.

На відэа, зьнятым суседняй авіяцыйнай школай, відаць, як выбух падкінуў кавалкі асфальту ў паветра. Відэазапісы, якія паказваліся на японскай тэлевізіі, паказалі кратэр дыямэтрам каля 7 мэтраў і глыбінёй 1 мэтар.

Галоўны сакратар кабінэту міністраў Ёсімаса Хаясі заявіў, што выбух спрычыніўся да скасаваньня больш як 80 рэйсаў. Пашкоджаньне паласы выправілі ўначы, рэйсы аднавіліся раніцай.

Аэрапорт Міядзакі быў пабудаваны ў 1943 годзе як былы трэнавальны палігон Імпэратарскага флёту Японіі, зь якога некаторыя пілёты ўзьляталі на бамбаваньні варожых абшараў.

Пасьля ІІ усясьветнай вайны на тэрыторыі Японіі засталіся сотні тонаў неразарваных бомбаў, якія часамі выбухаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Японія выказала пратэст Беларусі ў сувязі з арыштам і абвінавачаньнямі суайчыньніка ў шпіянажы