У Польшчы не змаглі набраць з украінцаў брыгаду для ЎСУ

Акцыя "Полымя братэрства" арганізаванаz польскімі харцэрамі і ўкраінскімі пластунамі. Варшава, 14 жніўня 2024 годe.

Уладам Польшчы не ўдалося сфарміраваць з украінцаў, якія пражываюць у гэтай краіне, нават адну брыгаду. Спробы стварыць «Украінскі легіён» скончыліся правалам, паведамляе DW са спасылкай на міністра абароны Польшчы Ўладзіслава Косіняк-Камыша.

Улады Польшчы не змаглі знайсьці дастатковую колькасьць украінцаў, якія жывуць у краіне, гатовыя ўступіць ва «Украінскі легіён» і адправіцца ваяваць ва Ўкраіну. «Мы не адказваем за падбор пэрсаналу. Аднак колькасьць людзей, якія павінны былі зьвярнуцца з украінскага боку, аказалася занадта малой», — сказаў Косіняк-Камыш у інтэрвію парталу Wirtualna Polska, апублікаваным 2 кастрычніка.

Паводле яго слоў, заявы аб гатоўнасьці украінцаў у Польшчы далучыцца да ЎСУ спачатку былі гучнымі. «Казалі, што можа быць сфарміраваная нават адна брыгада, гэта некалькі тысяч чалавек, аднак гэтага не адбылося», — адзначыў Косіняк-Камыш.

Адначасова ён нагадаў, што Польшча ўжо навучыла каля 20 тысяч украінскіх вайскоўцаў, якія адправіліся на фронт ва Ўкраіну. «Аднак на гэтым заканчваюцца польскія абавязаньні і пачынаюцца ўкраінскія», — сказаў міністар.

Амбасадар Украіны ў Варшаве Васіль Зварыч у траўні заявіў, што ў Польшчы да ўзброенага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну жыло ад 1, 5 да 2 млн украінцаў, яшчэ 1, 3 млн прыбылі сюды пасьля 24 лютага 2022 году. Па стане на травень 2024 году ў Польшчы знаходзіліся каля 950 тысяч уцекачоў, ня лічачы ўкраінскіх грамадзян, якія там пастаянна жывуць, працуюць і плацяць падаткі.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, падпісваючы абаронную дамову з Польшчай у ліпені сёлета, паведаміў, што на тэрыторыі гэтай краіны мае быць створаны добраахвотніцкі так званы «Украінскі легіён», асабовы склад якога трэба навучыць, узброіць і падрыхтаваць да абароны Ўкраіны. Адказнасьць за навучаньне добраахвотнікаў была ўскладзеная на польскія ўзброеныя сілы, а за рэкрутаваньне — на Кіеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самы масавы вядомы выпадак». Украіна расьсьледуе імаверны расстрэл 16 украінскіх палонных вайскоўцамі РФ

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.