Камітэт супраць катаваньняў ААН апублікаваў штогадовы даклад, у якім расказаў пра вынікі расьсьледаваньня сытуацыі ў Беларусі, што ініцыяваў беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна».
Расьсьледаваньне запусьцілі пасьля таго, як 4 верасьня 2020 году праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт падалі ў Камітэт зварот аб правядзеньні расьсьледаваньня «па факце сыстэматычнага ўжываньня катаваньняў» у Беларусі, у якім апісваліся рэпрэсіі ў краіне пасьля выбараў 2020 году, піша «Вясна». Зварот падпісалі 47 грамадзян Беларусі, у ім быў дадатак са сьведчаньнямі 112 меркаваных ахвяраў катаваньняў і падрабязным апісаньнем іх абставінаў.
У ліпені 2021 году Камітэт супраць катаваньняў ААН прызнаў, што інфармацыя дакладная і зьмяшчае абгрунтаваныя ўказаньні на тое, што ў Беларусі сыстэматычна ўжываюцца катаваньні. Урад Беларусі на гэта адказаў, што сьцьвярджэньні не зьяўляюцца ні праўдзівымі, ні аб’ектыўнымі, і выказаў шэраг заўваг, ня даўшы пры гэтым дазволу на наведваньне Беларусі экспэртамі Камітэту.
Камітэт вывучыў даклады, рэзалюцыі і публічныя заявы ААН, заўвагі і рашэньні па паведамленьнях ды іншыя аналітычныя дакумэнты праваабаронцаў, і адзначыў, што вывучаныя дакумэнты сьведчаць пра тое, што катаваньні ў Беларусі рэгулярна ўжываюць у якасьці наўмыснай практыкі для запалохваньня затрыманых ці атрыманьня паказаньняў супраць іх саміх, для пакараньня палітычных дысыдэнтаў і мірных дэманстрантаў, пры гэтым вінаватыя ва ўжываньні катаваньняў сыстэматычна застаюцца беспакаранымі.
«Затрыманыя часта ўтрымліваюцца ў бесчалавечных умовах, якія характарызуюцца моцнай перапоўненасьцю і адсутнасьцю доступу да мэдычнай дапамогі, спатканьняў са сваякамі і адвакатам. Дакладныя мэдычныя і візуальныя сьведчаньні, прадастаўленыя Камітэту, ілюструюць агульныя схемы катаваньняў. Сэксуальны гвалт, зьдзейсьнены прадстаўнікамі дзяржавы ў дачыненьні да асобаў, пазбаўленых волі, і пагрозы такога гвалту былі прызнаныя шырока распаўсюджанымі, звычайнай і наўмыснай практыкай», — адзначана ў дакладзе.
У дакумэнце гаворыцца, што супрацоўнікі праваахоўных органаў і пракуратуры патураюць катаваньням і спрыяюць падтрыманьню атмасфэры паўсюднай беспакаранасьці, не прымаюць захадаў па скаргах, не праводзяць эфэктыўных і бесстароньніх расьсьледаваньняў па шматлікіх заявах аб катаваньнях і жорсткім абыходжаньні і не перасьледуюць вінаватых.
У сувязі з гэтым Камітэт супраць катаваньняў ААН выпрацаваў шэраг рэкамэндацыяў для ўраду Беларусі. Так, сярод іншага, у дакладзе ўрад Беларусі заклікаюць пакласьці канец практыцы катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, у тым ліку ў месцах зьняволеньня, «публічна і недвухсэнсоўна асудзіць катаваньні ва ўсіх іх формах», «апэратыўна і старанна расьсьледаваць» усе сьцьвярджэнні аб катаваньнях і жорсткім абыходжаньні, у тым ліку падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых і іх саўдзельнікаў.
Камітэт заклікае беларускія ўлады гарантаваць, што супрацоўнікаў міліцыі і сілаў бясьпекі, узброеных сіл, турэмных установаў і органаў выведкі, «як мяркуецца вінаватых у парушэньнях Канвнцыі», адхіляць ад выкананьня абавязкаў на час правядзеньня любога расьсьледаваньня па фактах катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, каб яны не маглі ўмешвацца ў расьсьледаваньне, а пасьля асуджэньня ім не дазволяць вяртацца на пасаду, на якой яны маглі б помсьціць заяўнікам або іхным сем’ям.
Што да ахвяраў катаваньняў, Камітэт рэкамэндуе даваць кампэнсацыі ўсім ахвярам катаваньняў, і пры неабходнасьці, іх сем’ям, а таксама забясьпечыць «эфэктыўную абарону ад рэпрэсій усім ахвярам і сьведкам актаў катаваньняў, іх прадстаўнікам і суб’ектам грамадзянскай супольнасьці».
Урад Беларусі заклікаюць стварыць эфэктыўны мэханізм для канфідэнцыйнай падачы скаргаў і даць яго супрацоўнікам доступ ва ўсе месцы зьняволеньня, гарантаваць абарону правоў вязьняў, сярод іншага — права на атрыманьне юрыдычнай дапамогі, права зьвярнуцца да лекара на свой выбар і прайсьці бясплатнае мэдычнае абсьледаваньне, а таксама права на сувязь са сваякамі і інш.
Акрамя гэтага, у дакумэнце ўтрымліваецца шэраг іншых рэкамэндацый уладам Беларусі, якія тычацца абароны правоў затрыманых і асуджаных, а таксама працы праваабаронцаў і інш.
Праваабаронцы адзначаюць, што ўрад Беларусі «выказаў сваю рашучую нязгоду з высновамі камітэту» і заявіў, што зь ім ніхто не супрацоўнічаў пры падрыхтоўцы дакладу. Урад Беларусі адхіліў усе абвінавачаньні, паўтарыў сваю ранейшую пазыцыю і паставіў пад сумнеў надзейнасьць крыніц інфармацыі.
Расьсьледаваньне ААН пракамэнтаваў юрыст «Вясны» Павал Сапелка:
«Вынікі расьсьледаваньня дэманструюць важную ролю Камітэта супраць катаваньняў у скарачэньні беспакаранасьці, падкрэсьліваюць неабходнасьць міжнароднага маніторынгу і супрацоўніцтва для забесьпячэньня захаваньня правоў чалавека, асабліва ва ўмовах, калі ўнутраныя прававыя мэханізмы аказваюцца неэфэктыўнымі. Адмова Беларусі ад даваньня доступу і супрацоўніцтва паказвае тыповыя паводзіны таталітарных рэжымаў, якія ігнаруюць міжнародныя абавязаньні, але не гатовыя несьці за гэта адказнасьць», — лічыць юрыст.
Паводле яго, нават у адсутнасьць супрацоўніцтва Беларусі з Камітэтам супраць катаваньняў міжнароднае права дазваляе працягваць працу над расьсьледаваньнем парушэньняў, а высновы Камітэту разам з вынікамі працы іншых мэханізмаў ААН «настойліва падштурхоўваюць міжнародную супольнасьць да стварэньня больш эфэктыўных інструмэнтаў для дасягненьня мэтаў барацьбы з беспакаранасьцю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі».
- Камітэт супраць катаваньняў ААН прыцягвае дзяржавы да адказнасьці за парушэньне правоў чалавека і займаецца расьсьледаваньнямі паведамленьняў аб катаваньнях з мэтай іх спыненьня і папярэджаньня. Ён складаецца з 10 незалежных экспэртаў, якія вядуць маніторынг выкананьня дзяржавамі – удзельніцамі Канвэнцыі супраць катаваньняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных або зьневажальных для годнасьці відаў абыходжаньня і пакараньня.