Падчас учорашняга тэракту ў Тэль-Авіве цяжка паранены грамадзянін Беларусі

Пасьля тэракту ў Яфе 1 кастрычніка 2024

У выніку страляніны ў гістарычным цэнтры Тэль-Авіва, горадзе Яфа, 1 кастрычніка быў цяжка паранены грамадзянін Беларусі 1997 году нараджэньня, паведаміла МЗС Беларусі 2 кастрычніка.

«Амбасада знаходзіцца ў кантакце зь мясцовымі кампэтэнтнымі ўладамі і мэдыцынскай установай, у якую быў шпіталізаваны пацярпелы. Прагнозы лекараў цяпер пазытыўныя», — гаворыцца ў паведамленьні.

Таксама МЗС Беларусі «у сувязі з абвастрэньнем становішча» нагадала пра сваю ранейшую рэкамэндацыю беларусам па магчымасьці ўстрымацца ад паездак у шэраг краін Блізкага Усходу, у першую чаргу, Ізраіль і Лібан, а ў выпадку неадкладнай неабходнасьці наведваньня рэгіёну — «строга ўлічваць існую сытуацыю, паклапаціцца пра сваю бясьпеку, адсочваць афіцыйныя апавяшчэньні авіяцыйных уладаў адносна ўвядзеньня абмежаваньняў на выкарыстаньне паветранай прасторы або аб прыпыненьні работы аэрапортаў».

З прычыны рэзкага пагаршэньня абстаноўкі ў Лібане амбасада Беларусі ў Сырыі цяпер актуалізуе сьпісы грамадзян, якія там жывуць, і вывучае дадатковыя магчымасьці дапамогі, адзначылі ў МЗС.

Ведамства таксама апублікавала экстранныя кантакты амбасады Беларусь у Ізраілі — tel:+972505214819 (кругласутачна) і амбасады Сырыі (адказная за Лібан) — тэл.: tel:+963948888653, tel:+963956888750 эл. пошта: syria@mfa.gov.by.

  • Паводле паліцыі Ізраілю, сем чалавек загінулі і 16 атрымалі раненьні ў выніку камбінаванага нападу з ужываньнем нажавой зброі і страляніны ў паўднёвым прыгарадзе Тэль-Авіва Яфа. Перад тым як адкрыць страляніну на вуліцы, нападнікі зрабілі стрэлы ў трамваі.
  • Паводле паліцыі, нападнікамі зьяўляюцца жыхары палестынскай правінцыі Хеўрон: 19-гадовы Мухамэд Маск, якога сілавікі забілі на месцы здарэньня, і 25-гадовы Ахмэд Хімані, які быў сур'ёзна паранены. У іх была зброя М16, патроны і нож. Таксама «арыштавалі некалькі падазраваных у садзейнічаньні тэрарыстам у набыцьці зброі і пранікненьні ў Ізраіль».
  • Страляніна ў Тэль-Авіве адбылася на фоне аб’яўленьня ў Ізраілі паветранай трывогі з прычыны маштабнай ракетнай атакі з боку Ірану, падчас якой па Ізраілі выпусьцілі каля 180 ракет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тэль-Авіве адбылася страляніна ў раёне Яфа. Ёсьць ахвяры