Алсу Курмашава, журналістка Татара-Башкірскай службы Радыё Свабода, якая правяла ў расейскай турме больш за 9 месяцаў і выйшла на волю ў выніку гістарычнага абмену паміж Крамлём і краінамі Захаду сёлета ў жніўні, падчас свайго выступу заявіла:
«Я ўвесь час думаю аб трох маіх калегах з Радыё Свабодня Эўропа/Радыё Свабода. Я дакладна ведаю, што перажываюць Улад Есіпенка, Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык і іх сем’і. Маё сэрца зь імі. Калі ласка, зрабіце ўсё магчымае, каб дапамагчы ім.
Ігар і Андрэй знаходзяцца ў зьняволеньні ў Беларусі — Ігар утрымліваецца бяз сувязі са зьнешнім сьветам зь лютага 2023 году, а Улад Есіпенка знаходзіцца ў кантраляваным Расеяй Крыме. Ён ня бачыў сваёй сям’і тры гады.
Падобныя мерапрыемствы, на якіх сустракаюцца былыя палітвязьні, экспэрты і палітыкі, вельмі важныя. Яны дапамагаюць нам усьвядоміць увесь маштаб крызісу і шукаць эфэктыўныя рашэньні»", — сказала Алсу Курмашава 3 кастрычніка на Канфэрэнцыі па чалавечым вымярэньні ў Варшаве.
Ігар Лосік, блогер і журналіст Радыё Свабода, за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. 14 сьнежня 2021 года Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньняў у арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні варожасьці.
Андрэй Кузьнечык, журналіст Радыё Свабода, за кратамі з 25 лістапада 2021 году. 8 чэрвеня 2022 Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя.
Улад Есіпенка, журналіст Радыё Свабода, за кратам з 10 сакавіка 2021 году. Уладзіслаў здымаў відэа на паўвостраве Крым для праекту Радыё Свабода — «Крым.Реалии». 16 лютага2022 году суд у Сімфэропалі прысудзілі яму 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму па справе аб незаконным захоўваньні і перавозцы выбуховага прыстасаваньня.
Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 35 журналістаў і прадстаўнікоў незалежных мэдыя.