Прэзыдэнтка Грузіі адмовілася падпісваць пакет законаў, які абмяжоўвае правы ЛГБТ-людзей

Саламэ Зурабішвілі

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў вызначаны тэрмін не падпісала законапраектаў, якія сур’ёзна абмяжоўваюць правы ЛГБТ-людзей, але і не наклала на іх вэта. Згодна з канстытуцыяй Грузіі, у такім выпадку законы ў 5-дзённы тэрмін падпіша сьпікер парлямэнту.

У выпадку накладаньня вэта кіроўная партыя «Грузінская мара» змагла б яго пераадолець, піша грузінская служба Радыё Свабода «Эхо Кавказа».

За закон «Аб сямейных каштоўнасьцях і абароне непаўналетніх» і папраўкі ў яшчэ 18 законаў прагаласавалі 84 дэпутаты, супраць ня выказаўся ніхто.

Прапанаваныя «Грузінскай марай» папраўкі прадугледжваюць, у прыватнасьці, забарону на рэгістрацыю якіх-небудзь шлюбаў, акрамя саюзу мужчыны і жанчыны, забарону на ўсынаўленьне і апеку непаўналетніх гомасэксуальнымі парамі і на апэрацыі для зьмены полу, а таксама на правядзеньне сходаў, накіраваных на «папулярызацыю» аднаполых шлюбаў, трансгендэрнага пераходу і ўсынаўленьня дзяцей аднаполымі парамі.

Асноўны закон «Аб сямейных каштоўнасьцях і абароне непаўналетніх» набудзе моц праз 60 дзён пасьля яго апублікаваньня.

Прыняты дакумэнт рэзка раскрытыкавалі ў Эўразьвязе, кандыдатам на ўступленьне ў які зьяўляецца Грузія. Так, кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Жузэп Бурэль заявіў, што гэтае заканадаўства «яшчэ больш зьбівае краіну са шляху ў Эўразьвяз». Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц 27 верасьня сказаў, што прыняты ў Грузіі «анты-ЛГБТК+ закон зьяўляецца дыскрымінацыйным і парушае асноўныя правы чалавека, ён аддаляе Грузію ад Эўропы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тбілісі забілі трансгендэрную мадэль. Прэзыдэнтка Грузіі заявіла, што «грамадзтва загразла ў нянавісьці»