«Гісторыя на Свабодзе». Літаратурная беларуская мова — гэта мова аславяненых літоўцаў, — Алег Латышонак

Фотакаляж. Алег Латышонак (справа)

Калі ўзьнікла Беларусь і беларусы? Або хто і калі нібыта іх «стварыў»? Ці праўда, што Русь і русіны — гэта толькі канфэсійныя тэрміны, якія абазначаюць людзей, што вызнавалі ўсходняе хрысьціянства? Як называць мову Статутаў і Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага?

Пра гэтыя і іншыя пытаньні, якія ў камэнтарах на YouTube абмяркоўваюць нашы гледачы і слухачы, мы гаворым з габілітаваным доктарам гісторыі, прафэсарам Беластоцкага ўнівэрсытэту ў Польшчы Алегам Латышонкам.

0:00 — калі ўзьнікла Беларусь і беларусы або хто і калі іх стварыў

3:09 — ці сапраўды Беларусь і беларусаў стварыла Расея

5:02 — беларусаў стварылі ці яны самі праявіліся

6:17 — чаму падручнікі па гісторыі Беларусі пачынаюцца са старажытнасьці, а не з ХІХ стагодзьдзя

8:38 — чаму мы лічым гісторыю Полацкага і Тураўскага княстваў часткай гісторыі Беларусі

10:19 — як беларуская літаратура магла зьявіцца раней за беларусаў

11:49 — ці праўда, што тэрміны «русь» і «русіны» тычыліся толькі праваслаўных

14:19 — чаму ў мове Статутаў ВКЛ не фіксаваліся дзеканьня і цеканьня

18:34 — як адказваць тым, хто не прызнае старабеларускую мову

22:26 — ці існавала старажытнаруская мова

24:21 — ці існаваў адзіны старажытнарускі народ

25:45 — ці слушны тэрмін «старабеларуская мова»

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Алегам Латышонкам:

— Беларуская ідэя, у тым ліку беларуская гісторыя, культура і мова, у наш час знаходзяцца пад ударам з двух бакоў. З аднаго боку расейскія нацыяналісты, так званыя заходнерусы, сьцьвярджаюць, што Беларусь стварылі бальшавікі пасьля 1917 году. З другога боку так званыя літвіны сьцьвярджаюць, што Беларусь і беларусаў стварылі улады Расеі пасьля далучэньня зямель Вялікага Княства Літоўскага да Расеі ў канцы XVIII стагодзьдзя. Дык калі ўзьнікла Беларусь і беларусы або хто і калі іх стварыў?

— Цяжка нацыю стварыць, бо нацыя — гэта людзі. Немагчыма людзей фармаваць, як плястылін. Але я належу да тых, хто лічыць, што гэта адбылося даволі позна, фактычна ўжо пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, у Расейскай імпэрыі такая назва, як Беларусь, стала паўсюднай. Гэта адбылося не адразу, бо гэты працэс заняў цэлае ХІХ стагодзьдзе.

Найважнейшае тое, што беларусы ўзьніклі са спалучэньня даўніх літвіноў і русінаў. Да гэтай пары, калі мова ідзе пра вышэйшыя слаі грамадзтва, то ў раньнім Сярэднявеччы русіны асімілявалі літоўцаў, а ўжо пасьля, пачынаючы з XVI стагодзьдзя, адбываўся адваротны працэс. Але фактычна «рускае» (ці русінскае) і «літоўскае» спалучыліся на грунце польскай мовы і культуры, і ўся гэтая шляхта і арыстакратыя сталі палякамі.

— Такі твой адказ дапамагае тым, хто кажа, што Беларусь і беларусаў стварыла Расея, бо яны як бы ўзьніклі ў часы, калі беларускія землі належалі Расейскай імпэрыі. Тыя людзі кажуць, што так, расейцы назвалі літвінаў беларусамі, а тыя ўспрынялі гэтую назву. Як бы ты адказаў на такія цьверджаньні?

— Не расейцы назвалі. Яны перанялі назву, якая ўжо існавала. І як можна гаварыць, што расейцы стварылі, калі яны рабілі ўсё, каб гэта нацыя ня ўзьнікла. Яны хацелі гэтае насельніцтва, перш за ўсё праваслаўнае, русыфікаваць. І ня мелі ніякага намеру ствараць асобную беларускую нацыю. Усе тыя захады і саступкі, які рабіліся на карысьць мясцовай мовы і культуры, былі часовыя і мелі на мэце толькі дэпалянізацыю краіны. А калі расейцы пачуліся ўжо моцнымі, то стараліся стрымаць працэс стварэньня гэтай нацыі.

Наша нацыя, беларуская, стваралася на новай аснове — на аснове мовы. І гэтая мова злучала і нашчадкаў русінаў, і нашчадкаў аславяненых літоўцаў. Я лічу, што літаратурная беларуская мова — гэта мова аславяненых літоўцаў менавіта, ня балтаў. Абсалютна тут не ідзе мова пра балтаў, але канкрэтна пра літоўцаў, якія прымалі славянскую мову, і з часам гэтая мова стала называцца беларускай.

— У гэтай сувязі мне ўспамінаецца выказваньне аднаго беларускага філёляга, які сказаў, што Беларусь не стварылі ў ХІХ стагодзьдзі, а гэтыя землі навукоўцы ў ХІХ стагодзьдзі пачалі вывучаць, і Беларусь і беларусы падчас дасьледаваньняў як бы праявіліся на гэтай зямлі, на гэтай мапе, як выява на фотапаперы. Ты згодны з такой фармулёўкай?

— Гэта адна са стадый, бо спачатку беларусы былі толькі аб’ектам апісаньня. Беларусы былі «яны» для тых, хто пра іх расказваў. Але з часам, вельмі позна, але зьявілася «мы беларусы». І гэта быў працэс натуральны, калі, асабліва сярод эліты, нарастала разуменьне, што прыйшоў новы час і патрэбны новыя ідэі. І такой ідэяй стала моўная супольнасьць, на падставе якой стварылася беларуская нацыя. І менавіта гэтая моўная супольнасьць аб’яднала праваслаўных, католікаў, нашчадкаў розных плямёнаў і розных нацыяў, у адну беларускую нацыю.

— Чаму падручнікі і акадэмічныя выданьні па гісторыі Беларусі пачынаюцца са старажытных часоў? У той час як шмат хто сьцьвярджае, што беларусы зьявіліся толькі ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Можа, тады і гісторыю Беларусі трэба пачынаць пісаць з пачатку ХХ стагодзьдзя? Калі паглядзець, то шмат якія назвы нацый існавалі ўжо вельмі даўно — Польшча, Літва, Чэхія, Вугоршчына, Францыя, Ангельшчына.

— Нацыі нараджаюцца, нацыі паміраюць. Ёсьць старыя нацыі, менавіта ў нашым рэгіёне такія палякі, гэта старая нацыя. Або тыя ж чэхі ці вугорцы. Але гэта не азначае, што тыя нацыі нараджаюцца на камяні.

Мы маем продкаў. Хоць яны інакш называліся, але ж яны нашы продкі, наша кроў. Зьмена назвы, прыняцьце новай назвы для аб’яднаньня розных дагэтуль нацыяў не азначае, што мы маем адракацца ад гісторыі.

Трэба сказаць так. Ёсьць канкрэтная краіна Беларусь, яна мае гісторыю, хоць так не называлася на працягу ўсіх стагодзьдзяў (хоць з XVI стагодзьдзя гэтая назва прынамсі часткі Беларусі тычылася), таму мы маем права сваю гісторыю пачынаць здалёк. Я ня ведаю гісторыі ніводнай краіны, якая б не пачыналася да цара Гароха. Напрыклад, славакі, македонцы — кожны хоча старую гісторыю і даўнюю, вялікую традыцыю.

Так што беларусы, пішучы сваю тысячагадовую гісторыю, нічым не адрозьніваюцца ад іншых нацыяў.

— Ці праўда, што Русь і русіны — гэта толькі канфэсійныя тэрміны, якія абазначаюць людзей, што вызнавалі ўсходняе хрысьціянства, якое ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ называлі «грэцкім законам»?

— Гэта і так, і ня так. Так, бо людзі нават у ХХ стагодзьдзі, напрыклад у маёй мамы на вёсцы, падзяляліся на «рускіх» і «польскіх». Хто быў рускай веры — той праваслаўны, хто польскай — той католік. Прычым «польскі чалавек» не азначала, што ён паляк, проста меў такое веравызнаньне.

І тое была доўгая праўда да XVI стагодзьдзя, калі русіны сталі прымаць іншыя веравызнаньні. Першым такім славутым русінам-католікам быў Францішак Скарына, што не перашкаджала яму быць патрыётам і заўсёды сябе залічаць да русінаў. А пасьля ўжо, калі прыйшло пратэстанцтва, то тых ужо русінаў-пратэстантаў стала процьма. Успомнім хаця б тое, што першы чалавек, які сам сябе назваў беларусам, Салямон Рысінскі, быў кальвіністам.

І з той пары абсалютна рассыпалася тая сувязь, што «русін — праваслаўны» ці «русін — чалавек усходняга абраду», і ўзьнікла зусім мадэрная думка Мялета Сматрыцкага аб тым, што ўсе русіны — гэта людзі русінскай крыві, незалежна ад таго, ці ён католік, праваслаўны ці ўніят, ці шляхціц, ці нават селянін. Гэта была ўжо вельмі прасунутая ідэя як на той час. І гэта якраз сьведчыць, што сувязь «русін — усходні абрад» ужо не была абавязковаю. Яна магла яшчэ пераважаць, але гэта ўжо не азначала, што тыя, хто верыць інакш, не зьяўляюцца русінамі.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:

Your browser doesn’t support HTML5

Хто і калі «стварыў» Беларусь

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Літоўцы самі пішуць, што Літва сягала толькі Вільні, а на левым беразе Вяльлі была ўжо Русь, — Алег Латышонак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе»: «Без імпэрскай оптыкі». Як масквіч расказвае расейцам пра гісторыю Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Мова гістарычна не заўсёды супадае з нацыянальнасьцю — Мірослаў Янковяк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

ХХХ