Француска-нямецкая група KNDS, якая вырабляе танкі Leopard і артылерыйскае ўзбраеньне, адкрыла ва Ўкраіне даччыную кампанію KNDS Ukraine LLC для супрацы з украінскім абаронна-прамысловым комплексам і дзяржаўнымі ўстановамі.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі, раней сухаземныя войскі Ўкраіны атрымалі ці набылі каля 800 адзінак тэхнікі і ўзбраеньня вытворчасьці KNDS, якую цяпер выкарыстоўваюць на фронце.
«Мэта стварэньня KNDS Ukraine LLC — сярод іншага, наданьне ўкраінскай прамысловасьці магчымасьці выконваць тэхнічнае абслугоўваньне, бягучы і капітальны рамонт прадукцыі KNDS, сярод якой асноўныя баявыя танкі Leopard-1 і Leopard-2, артылерыйская зброя CAESAR, AMX10 RC, гаўбіца PzH 2000 і самаходны танк Gepard, што істотна павысіць боегатоўнасьць сыстэмаў», — адзначаецца ў паведамленьні.
Паведамляюць, што апроч тэхнічнага абслугоўваньня ўжо перададзенай тэхнікі і зброі, плянуецца супольная вытворчасьць 155-мілімэтровых артылерыйскіх боепрыпасаў, а таксама запасных частак з выкарыстаньнем перадавых вытворчых тэхналёгіяў.
Прадстаўнікі KNDS удзельнічаюць у другім Міжнародным форуме абаронных індустрыяў, што праходзіць цяпер ва Ўкраіне.
Сярод іншых удзельнікаў форуму — прадстаўнікі BAE Systems, KNDS, MBDA, D&M Holding Company, Amentum Services, Inc., AeroVironment, Inc., Kongsberg Defence & Aerospace, Romarm, CZ Colt Group, Quantum Systems, Hellenic Defence Systems, DI Danish Defence & Security Industries Association.
2 кастрычніка іх прыняў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, які падзякаваў гэтым кампаніям за падтрымку Ўкраіны.
«Вельмі рады бачыць вас ва Ўкраіне. Мы разьлічваем на большую падтрымку, бо, на жаль, вайна не спынілася. І мы ўдзячныя за ўсё, што можам зрабіць разам сёньня і ў будучыні. Мы разьлічваем на партнэрства ня толькі ў часе вайны», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Пасьля першага такога форуму, паведаміў Уладзімір Зяленскі, стала магчыма арганізаваць тэхнічнае абслугоўваньне лёгкіх гармат, лякалізаваць вытворчасьць штурмавых вінтовак, стварыць магутнасьці для вырабу стралковых боепрыпасаў.
У Міністэрстве абароны Ўкраіны ўдакладнілі, што сёлета ў форуме ўдзельнічаюць больш за 280 кампаній, на ім падпісаныя новыя абаронныя дамовы.
«Мы ўжо інвэставалі 4 мільярды даляраў у разьвіцьцё ўкраінскай прамысловасьці, а налета плянуем яшчэ больш», — заявіў міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў.
Паводле яго, плянуецца нарасьціць вытворчасьць дронаў, далёкасяжнай зброі і балістычных ракет.