Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў асноўныя прагнозныя парамэтры разьвіцьця Беларусі на 2025 год. Адпаведны ўказ падпісаны 1 кастрычніка, паведамляе тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі.
Згодна з дакумэнтам, рост валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі ў 2025 годзе ўлады прагназуюць да 4,1% «за кошт трох спалучаных праграмаў: вытворчай, экспартнай і інвэстыцыйнай».
Нацыянальнаму банку і ўраду паставілі задачу абмежаваць інфляцыю ўзроўнем, ня большым за 5%. Плянуецца, што ў 2025 годзе працягнуць палітыку стрымліваньня цэнаў.
Рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва заплянаваны на 4%.
Экспарт тавараў і паслуг плянуюць павялічыць на 5,4%. Улады разьлічваюць, што ключавым фактарам росту экспарту стане нарошчваньне яго фізычных аб’ёмаў.
«У эканоміку плянуецца інвэставаць на 7,8% больш, чым сёлета», — гаворыцца ў паведамленьні.
- Згодна з зацьверджанымі прагнознымі парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2024 год, прырост ВУП за год павінен скласьці 3,8%, інвэстыцыяў у асноўны капітал — 3,9%, экспарту тавараў і паслуг — 7,6%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва — 3,5%, інфляцыі — ня больш за 6%, рост рэальнай зарплаты — 3,9%.
- Паводле зьвестак Белстату, прырост ВУП за студзень–жнівень павялічыўся на 4,9% у параўнаньні з такім жа пэрыядам 2023-га. У 2023 годзе ВУП вырас на 3,9% (плянаваўся рост на 3,8%), у 2022-м — зьнізіўся на 4,7%, у 2021-м эканоміка вырасла на 2,3%, у 2020-м — скарацілася на 0,9%.
- Паводле Белстату, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (з улікам інфляцыі) у студзені — ліпені 2024 году вырасьлі на 9,9% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2023-га.
- У студзені–ліпені 2024 году замежнагандлёвы абарот тавараў Беларусі склаў 48 991,5 млн даляраў ЗША, у тым ліку экспарт — 23 355,4 млн даляраў, імпарт — 25 636,1 млн даляраў. Да ўзроўню студзеня–ліпеня 2023 году ў бягучых цэнах абарот замежнага таварнага гандлю склаў 105%, экспарт — 104,6%, імпарт — 105,4%.