МЗС Нямеччыны правярае інфармацыю аб выкарыстаньні працы палітвязьняў на плянтацыі нямецкага дэпутата ў Беларусі

Будынак МЗС Нямеччыны. Ілюстрацыйнае фота

У МЗС Нямеччыны заявілі, што правяраюць інфармацыю аб выкарыстаньні працы палітвязьняў пад Лідай на цыбульнай плянтацыі нямецкага бізнэсоўца, дэпутата фэдэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрга Дорнаў.

«Замежныя інвэстары не павінны рабіцца памагатымі рэжыму і ўдзельнічаць у жорсткіх палітычных рэпрэсіях у Беларусі або атрымліваць ад іх выгаду», — заявіла МЗС Нямеччыны ў камэнтары інфармацыйнаму агенцтву «Позірк».

«Мы вельмі сур’ёзна ставімся да страшных паведамленьняў і правяраем іх», — адзначылі ў зьнешнепалітычным ведамстве.

У МЗС Нямеччыны падкрэсьлілі, што асуджаюць «усе формы прымусовай працы, катаваньняў і прававога самавольства» і «зь вялікай занепакоенасьцю сочаць за пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі».

У адказе гаворыцца, што разам з эўрапэйскімі партнэрамі Нямеччына па-ранейшаму «цьвёрда прыхільная неадкладнаму вызваленьню ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьню сыстэматычных палітычных рэпрэсій у Беларусі».

«У адпаведнасьці са сваімі міжнароднымі абавязацельствамі Беларусь нясе адказнасьць за забесьпячэньне гуманных умоваў утрыманьня і адэкватнай мэдыцынскай дапамогі ўсім затрыманым. Менавіта так краіна ацэньваецца ў тым ліку на міжнародным узроўні», — лічаць у МЗС Нямеччыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «25 кілямэтраў пешшу, каб трапіць на працу». Як беларускія палітвязьні прымусова працуюць на прыватных прадпрыемствах
  • 24 верасьня сайт reform.news апублікаваў матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Дорнаў заключыў пагадненьне зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў асуджаных па палітычных артыкулах для працы на сваёй цыбульнай плянтацыі. Адзначаецца, што ім плацілі «каля 5 эўра» ў эквіваленце ў дзень, пры гэтым нямецкі палітык нібыта «асабіста правяраў працу палітвязьняў».
  • Факт выкарыстаньня іх працы пазьней пацьвердзіў нямецкім тэлежурналістам былы палітвязень Сяргей Чарняк, зь якім яны сустрэліся ў Польшчы.
  • «Цыбулька-Бел» зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэгістры 2 кастрычніка 2020 году ў аграгарадку Гуды (Горадзеншчына). Упершыню пра беларускі бізнэс Дорнаў сёлета ў красавіку паведаміла нямецкая газэта Welt am Sonntag, расьсьледаваньне якой разьмясьціў у сябе папулярны таблёід Bild. Адзначалася, што за ўтойваньне факту валоданьня «буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам» дэпутату пагражала адказнасьць. 7 жніўня яго аштрафавалі на 20 682 эўра.
  • 25 верасьня нямецкі юрыст Фэрдынанд Мюлер ініцыяваў расьсьледаваньне супраць Дорнаў, падаўшы заяву аб завядзеньні крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Колькі ён зарабляў з прадпрыемства, дагэтуль невядома», — нямецкія дэпутаты пра бізнэс Ёрга Дорнаў у Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На нямецкага дэпутата, які прыцягваў да працы на сваёй плянтацыі пад Лідай беларускіх палітвязьняў, падалі ў суд