Пабудаваную ў XVIII стагодзьдзі і зьнішчаную нацыстамі падчас Другой сусьветнай вайны, Вялікую Воўпаўскую сынагогу цяпер узнавілі ў віртуальнай рэальнасьці.
Воўпа — мястэчка ВКЛ з багатай гісторыяй, упершыню згадваецца як двор у XV стагодзьдзі. Воўпа атрымала Магдэбурскае права і герб ад Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Віртуальная рэканструкцыя Вялікай Воўпаўскай сынагогі — гэта першы аб’ект архітэктурнай спадчыны Беларусі, прэзэнтаваны ў Meta Store. Праект аб’яднаў гісторыкаў, 3D-дызайнэраў і IT-інжынэраў у стварэньні дакладнай копіі сынагогі.
Праект даступны ў выглядзе VR-аплікацыі для шаломаў віртуальнай рэальнасьці на плятформе Meta і ў вэб-фармаце на сайце Цэнтру беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны.
Даступныя опцыі куратарскага туру і свабоднага перамяшчэньня дазваляюць дасьледаваць будынак з дапамогай інструмэнтаў навігацыі і павелічэньня, дэталёва вывучыць яго інтэр'ер і экстэр'ер, а таксама атрымаць падрабязнае апісаньне асобных элемэнтаў. Аўдыягід даступны на ангельскай, расейскай і францускай мовах.
Праект рэалізаваны пры падтрымцы Музэю мастацтва і гісторыі юдаізму ў Парыжы і МЗС Францыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слонімскую сынагогу зноў выставілі на аўкцыён ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачалі ладзіць віртуальную экскурсію ў слонімскую сынагогу