Частку супрацоўнікаў прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску перавялі ў Брусэль. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў 1 кастрычніка «Позірку» афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Пэтэр Стана.
Паводле яго, прынятая мера абумоўленая сёньняшняй сытуацыяй у Беларусі і ўзроўнем двухбаковых адносінаў Менску і Эўразьвязу.
Пры гэтым, адзначыў Пэтэр Стана, адкліканыя супрацоўнікі працягнуць у Брусэлі «сваю важную працу, зьвязаную зь Беларусьсю».
Стана паведаміў, што Эўразьвяз «адаптуе сваю дыпляматычную прысутнасьць у трэціх краінах у адпаведнасьці зь неабходнасьцю й вонкавымі абставінамі», аднак «пытаньні арганізацыі працы прадстаўніцтва ЭЗ ёсьць унутранай справай Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, і, як правіла, публічна не абмяркоўваюцца».
«Палітыка ЭЗ у дачыненні да Беларусі застаецца нязьменнай. У прыватнасьці, Эўразьвяз па-ранейшаму прыхільны падтрымцы народа Беларусі», — падкрэсьліў прадстаўнік Эўрапейскай службы замежных дзеяньняў.
- 20 красавіка 2023 году Высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль прызначыў датчаніна Стээна Нёрлё часовым павераным у справах ЭЗ у Беларусі. Да гэтага часовай паверанай была Эвэліна Шульц. Яна ўзначаліла эўрапейскую дыпляматычную місію ў Менску пасьля таго, як летам 2021 году Беларусь на патрабаваньне беларускіх уладаў пакінуў кіраўнік прадстаўніцтва Дырк Шубэль (датэрмінова пакінуў пасаду восеньню 2022-га).
- Пасьля падзеяў 2020 году і наступнага саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны ў 2022 годзе кантакты ЭЗ з уладамі Беларусі практычна зьвяліся на нішто. Адзінай краінай ЭЗ, амбасадар якой уручыў Лукашэнку даверчыя граматы пасьля 2020 году, была Вугоршчына. Астатнія дзяржавы панізілі ўзровень прадстаўніцтва да часовага паверанага ў справах.
- 12 жніўня 2024 году ў сувязі «з парушэньнем паветранай прасторы ўкраінскімі БПЛА» ў МЗС Беларусі выклікалі Стээна Нёрлё, да якога «давялі пазыцыю беларускага боку ў гэтым пытаньні». «Асабліва была адзначаная наяўнасьць пазначэньня вытворцаў краін ЭЗ на шэрагу элемэнтаў аднаго са зьбітых беларускімі сіламі СПА бесьпілётнікаў. Акцэнтавана, што падобныя дзеяньні нясуць патэнцыял радыкальнай эскаляцыі ваеннага канфлікту, якая можа сур’ёзна пашырыцца, у тым ліку на краіны ЭЗ», — заявілі тады ў МЗС Беларусі.
- Нядаўна «Позірк» атрымаў інфармацыю, што прадстаўніцтва Эўразьвязу скарачае ў менскім офісе адзін з аддзелаў.