Рафаэль Гросі, акрамя Астраўца, меў у плянах наведаць Менск. У сталіцы Беларусі ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У абмеркаваньне ўваходзіла і сытуацыя ва Ўкраіне, дзе расейскія акупацыйныя войскі трымаюць кантроль над украінскай Запароскай АЭС.
Як піша БелТА з спасылкай на словы Гросі, службовец расказаў Лукашэнку аб «працы агенцтва ад самага пачатку канфлікту дзеля запэўненьня ядзернай бясьпекі на атамных электрастанцыях Украіны». Паводле БелТА, Рафаэль Гросі сказаў, што яму было вельмі важна пачуць асабістую пазыцыю Лукашэнкі, яго падыходы да гарантаваньня ядзернай бясьпекі і міру ў рэгіёне.
Таксама Гросі адказаў на пытаньне, ці можа Беларусь дапамагчы ў запэўненьні бясьпекі Курскай і Запароскай АЭС. Паводле кіраўніка МАГАТЭ, цяпер адмыслоўцы агенцтва прысутнічаюць на Запароскай АЭС.
«Нам патрэбная перш за ўсё падтрымка нашых дзеяньняў з боку ўсіх краін — сяброў МАГАТЭ. Беларусь вельмі важны ўдзельнік агенцтва, таму падтрыманьне (у тым ліку з боку Беларусі) нашых дзеяньняў надзвычай важнае».
Тым часам Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы заявіў генэральнаму дырэктару МАГАТЭ: «...Ва Ўкраіне гучаць заявы, што <...> Лукашэнка хоча захапіць Чарнобыльскую станцыю», але ў Беларусі «няма неабходнасьці» ў гэтым. Варта адзначыць, што Свабодзе не ўдалося знайсьці заяваў афіцыйных асобаў Украіны пра нібыта намер Беларусі захапіць ЧАЭС. Выданьне «Українська правда» сьцьвярджае, што прадстаўнікі Кіева «не рабілі заяваў, на якія спасылаецца Лукашэнка».
«Мы ў страшным сьне не маглі ўявіць, што нам давядзецца „захапіць“ Чарнобыльскую станцыю і за яе потым адказваць. Няма такой неабходнасьці з боку Беларусі. І, паверце мне, з боку Расеі таксама — не было, няма і ніколі ня будзе», — заявіў Лукашэнка.
Пра Беларускую АЭС Лукашэнка сказаў, што Беларусь пабудавала «самую сучасную і самую бясьпечную атамную станцыю ў сьвеце». «А наагул вы павінны ведаць, што мы адданыя бясьпецы, міру і мы зробім усё, на што мы здольныя, што ад нас залежыць, каб запэўніць рэгіянальную ядзерную бясьпеку. У гэтым вы можаце не сумнявацца», — дадаў ён.
На сваіх рэсурсах МАГАТЭ пакуль не камэнтавала сустрэчы.
Будзе абноўлена
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МАГАТЭ: пасьля пажару градзірню Запароскай АЭС давядзецца зьнесьці