Стала вядома, што новы суд над Палінай Шарэндай-Панасюк распачнецца ўжо 14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёну, піша «Вясна».
Палітычную і грамадзкую дзяячку зь Берасьця затрымалі 3 студзеня 2021 году, з таго часу яна ўвесь час знаходзіцца ў няволі. Два разы ёй ужо працягвалі тэрмін паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).
23 траўня Паліна Шарэнда-Панасюк мела выйсьці на волю пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня ў 2,5 года і двух дадатовых тэрмінаў па 1 годзе, дабаўленых судом нібыта за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі». Але замест вызваленьня актывістку зьмясьцілі ў Гомельскае СІЗА на час расьсьледаваньня новай крымінальнай справы паводле 411-га артыкулу КК («Непадпарадкаваньне адміністрацыі турмы»).
Беларускія праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітзьняволенай.
На волі Паліну Шарэнду-Панасюк чакаюць муж Андрэй і двое сыноў — Славамір і Стах.
У ліпені сваякі Паліны даведаліся, што ў жанчыны дыягнаставалі «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасьці». Нядаўна муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэньне стану здароўя Паліны.
У сярэдзіне верасьня палітзьняволеную перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомля. Па прыбыцьці яе адразу адправілі ў карцар на 10 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па заканчэньні сьледзтва Паліну Шарэнду-Панасюк этапавалі ў Гомель і зьмясьцілі ў карцар ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі ў вязьніцу, дзе «на падлозе поўзаюць клапы»