У NATO новы генэральны сакратар. Енс Столтэнбэрг пайшоў у адстаўку

Марк Рутэ і Енс Столтэнбэрг 1 кастрычніка 2024. Фота AP

Кандыдатуру Марка Рутэ на пасаду генэральнага сакратара NATO агучылі сёлета ў чэрвені.

Колішні прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ з 1 кастрычніка заступае на пасаду генэральнага сакратара Паўночна-Атлянтычнага альянсу (NATO).

Як адзначаецца на афіцыйным сайце арганізацыі, 30 верасьня вайсковы камітэт альянсу афіцыйна прыняў адстаўку Енса Столтэнбэрга, які ачольваў арганізацыю з 2014 году.

Енс Столтэнбэрг падзякаваў вайсковаму камітэту за «цяжкую працу і супрацу апошнія 10 гадоў».

«NATO цяпер большае, мацнейшае і больш, чым калі-небудзь, гатовае супрацьстаяць любым выклікам. Для мяне было сапраўднай прывілеяй працаваць у якасьці генэральнага сакратара ў цесным кантакце з вайсковым камітэтам, начальнікамі ўзброеных сіл краін Альянсу і вайсковымі прадстаўнікамі. Як бы ні было сумна ісьці ў адстаўку, устойлівасьць і сіла NATO залежаць не ад асобных людзей, а ад калектыву», — заявіў Енс Столтэнбэрг.

Кандыдатуру Марка Рутэ на пасаду генэральнага сакратара NATO агучылі сёлета ў чэрвені.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новым генэральным сакратаром NATO можа стаць прэм’ер Нідэрляндаў Рутэ


Для прызначэньня генэральнага сакратара патрабуецца згода ўсіх сяброў Альянсу. Супраць Марка Рутэ выказваліся Вугоршчына, Славаччына і Турэччына, але пазьней яны зьнялі свае пярэчаньні.

Вугоршчына зьняла вэта з кандыдатуры Марка Рутэ пасьля таго, як ён даў пісьмовыя гарантыі, што Вугоршчына ня будзе браць удзел у новых плянах Альянсу ў аказаньні падтрымкі Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO рыхтуе плян маштабнай эвакуацыі параненых вайскоўцаў на выпадак вайны з Расеяй