Ізраіль паведаміў ЗША, што пачаў праводзіць «абмежаваныя наземныя апэрацыі», накіраваныя на інфраструктуру ваенізаванай групоўкі «Хэзбала» ў Лібане побач зь мяжой, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілера.
«Хэзбала» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША, у той час як Эўразьвяз уключыў у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю. Палітычная партыя «Хэзбалы» прадстаўленая ў парлямэнце Лібану.
ЦАХАЛ аб’явіў закрытай ваеннай зонай тэрыторыю трох населеных пунктаў на поўначы краіны, каля мяжы зь Лібанам. Як піша The Times of Israel, гаворка ідзе пра горад Мэтуля, а таксама кібуцы Кфар-Гіладзі і Місгаў-Ам.
Як паведамляюць Al Arabiya і Al Hadath, ізраільскія танкі ўвайшлі на тэрыторыю Лібану. ЦАХАЛ праводзіць наземную апэрацыю ў Лібане ўпершыню з 2006 году.
Паводле зьвестак AFP, ЦАХАЛ праводзіць выведвальную апэрацыю на поўдні Лібану. Як піша Reuters са спасылкай на мясцовых жыхароў і крыніцу ў службе бясьпекі, лібанская армія адступіла зь некалькіх пазыцый на паўднёвай мяжы з Ізраілем. Прадстаўнік лібанскага войска ня стаў камэнтаваць гэтых зьвестак. Іншая крыніца агенцтва ў службе бясьпекі заявіла, што лібанскія войскі знаходзяцца мінімум за 5 км на поўнач ад мяжы пасьля адступленьня.
Раней прэс-служба ЦАХАЛ паведаміла пра зьнішчэньне складу «Хэзбалы» з пускавымі ўстаноўкамі ракет клясы «зямля — паветра», які разьмяшчаўся за 1,5 км ад аэрапорту Бэйрута.
Пра тое, што наземная апэрацыя можа неўзабаве пачацца, улады Ізраілю папярэдзілі Вашынгтон, паведамілі тэлеканал CBS і газэта The Washington Post са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі ЗША. Заплянаваная Ізраілем наземная апэрацыя будзе менш маштабнай, чым у 2006 годзе, і засяродзіцца на зьнішчэньні інфраструктуры баевікоў уздоўж мяжы, напісала The Washington Post са спасылкай на амэрыканскіх чыноўнікаў.
Сталая прадстаўніца ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што Вашынгтон жадае дамагчыся дээскаляцыі і ня хоча, каб гвалт распаўсюджваўся на Блізкім Усходзе. Паводле яе, ЗША і Ізраіль знаходзяцца ў шчыльным кантакце.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў Ізраіль устрымацца ад наземнай апэрацыі на поўдні Лібану. «Мы павінны зараз спыніць агонь», — сказаў амэрыканскі лідэр 30 верасьня.
28 верасьня ў выніку атакі Ізраіля па цэнтры Бэйрута быў забіты лідэр «Хезбалы» Хасан Насрала, гэта пацьвердзілі прадстаўнікі групоўкі. ЦАХАЛ сьцвьярджае, што разам зь ім былі забітыя камандуючы паўднёвым фронтам «Хезбалы» Алі Кархі і іншыя яе лідэры.
Паводле афіцыйных зьвестак, з 23 верасьня ў выніку ізраільскіх абстрэлаў Лібану загінулі больш за 700 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль ліквідаваў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу. Ён быў забіты ў выніку ўдараў у Лібане 27 верасьня