Карым Ган пацьвердзіў, што Літва як дзяржава-ўдзельніца Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду мела права перадаць матэрыялы і заявіў, што правядзе іх папярэдняе вывучэньне. Заява пракурора Міжнароднага крымінальнага суду апублікаваная на сайце МКС.
«Я магу пацьвердзіць, што мой офіс правядзе папярэднюю праверку з мэтай вывучыць зварот у межах юрысдыкцыі МКС і вызначыць на падставе заканадаўчых патрабаваньняў, ці ёсьць разумныя падставы для пачатку расьсьледаваньня», — заявіў Ган.
Пры гэтым пракурор Міжнароднага крымінальнага суду падкрэсьліў, што зварот «не вядзе аўтаматычна з пачатку расьсьледаваньня».
Па словах Карыма Гана, у сваім звароце Літва ўказала, што «пачынаючы з красавіка 2020 году і як мінімум з 1 траўня 2020 году часткова па сёньняшні дзень працягваюцца злачынствы супраць чалавечнасьці, у тым ліку дэпартацыя, перасьлед і іншыя бесчалавечныя дзеяньні ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва Беларусі па ўказаньні вышэйшых палітычных, праваахоўных і вайсковых кіраўнікоў Беларусі», і што частка складу гэтых злачынстваў была ўчыненая на тэрыторыі Літвы, таму яны падпадаюць па юрысдыкцыю МКС.
Урад Літвы просіць Офіс пракурора расьсьледаваць усе «мінулыя, бягучыя і будучыя злачынствы, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю Суду, у тым ліку вышэй названыя, учыненыя на тэрыторыі Беларусі і часткова на тэрыторыі Літвы прынамсі з 1 траўня 2020 году», адзначае пракурор МКС.
- Урад Літвы 30 верасьня афіцыйна перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў, учыненых як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краінаў — удзельніц Рымскага статуту.
- Літва стала першай краінай, якая скарысталася сваім правам у межах Рымскага статуту і зьвярнулася ў Міжнародны крымінальны суд, каб расьсьледаваць злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя рэжымам у Беларусі.