«Нацыянальны атляс Беларусі» — фундамэнтальнае навукова-даведачнае выданьне, у якім рэпрэзэнтуюцца разнастайныя навуковыя і інфармацыйныя матэрыялы пра Беларусь: пра геаграфічны ляндшафт, яго будову і адметнасьці, пра багацьце прадстаўнікоў навакольнага сьвету, пра вынікі сацыяльна-вытворчай дзейнасьці беларусаў у розных сфэрах іх жыцьця і побыту, пра гісторыю складаньня беларускай дзяржаўнасьці і разнастайныя падзеі, якія адбыліся на гэтым шляху, напісаў Інстытут мовазнаўства.
«Нацыянальны атляс Беларусі» выходзіць у краіне другі раз. Першая публікацыя працы адбылася 22 гады таму. Выданьне 2024 г. не зьяўляецца яго простым перавыданьнем. У атляс уключылі некалькі дзясяткаў новых мапаў, зьмешчаныя яны фактычна ва ўсіх разьдзелах кнігі. Абноўлены варыянт атлясу вылучаецца яшчэ адной адметнасьцю. Упершыню тут зьмяшчаецца лінгвістычны разьдзел, а не асобныя мапы моўных асаблівасьцяў.
У лінгвістычным разьдзеле дзьве часткі. Першая — навуковы артыкул «Беларуская айканімія» пра назвы населеных пунктаў Беларусі. Там тры мапы, на якіх адлюстраваныя адметныя найменьні вёсак, што ўзьніклі на беларускай тэрыторыі як вынік асваеньня новых земляў.
Другая частка — навуковы артыкул «Беларускія народныя гаворкі як аснова сучаснай літаратурнай мовы і іх групоўка» і адпаведныя мапы, прысьвечаныя дэманстрацыі вынікаў этнагенэтычнай і занальнай групоўкі гаворак. На дзьвюх мапах «Назвы ягад. Буякі. Дурніцы», «Назвы топкага балота» паказваюцца лексычныя асаблівасьці беларускай нацыянальнай мовы.
Асаблівае месца ў разьдзеле пра мову беларусаў як асобнага этнасу займае «Этнаграфічная карта беларускага племені. Беларускія гаворкі», складзеная акадэмікам Яўхімам Карскім у 1903 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зачараваны беларушчынай. На 150-я ўгодкі Аляксандра Ўласава, рэдактара, завадатара і жыцьцялюба ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Загадка самага пасьпяховага беларуса ў Расейскай імпэрыі