Паводле яго, «калі якая-небудзь дзяржава адважыцца праводзіць палітыку ў інтарэсах свайго народу або паспрабуе скінуць ярмо вонкавага кіраваньня сваімі рэсурсамі», то Захадам «да адступніка ўжываецца ўвесь набор незаконных санкцыяў і ціску».
Кіраўнік МЗС заявіў, што вайна ва Ўкраіне патрэбная Захаду «ва ўгоду транснацыянальнаму капіталу», а заходнія краіны зацікаўленыя, каб «Украіна ваявала сёньня да апошняга ўкраінца».
«І калі б усе, як суседняя Беларусь, разумелі, што насамрэч адбываецца ў зоне канфлікту і сапраўды хацелі б спыніць крывавае супрацьстаяньне двух братніх народаў, то даўно б Украіна была з Расеяй не на полі бою, а за сталом мірных перамоваў», — адзначыў Рыжанкоў.
Сярод іншага з трыбуны ААН кіраўнік МЗС Беларусі заявіў:
«10 гадоў таму Менск стаў месцам дзейсных перамоваў па вырашэнні канфлікту ва Ўкраіне. Мы і зараз прапануем свае міратворчыя намаганьні, бо лепш за ўсіх ведаем і разумеем расейцаў і ўкраінцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьве дэлегацыі ў ААН, новая ядзерная дактрына і хто замест Лукашэнкі. Вынікі тыдня з КарбалевічамКрытыка ад Латушкі
Намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ), Павал Латушка у сваім youtube-канале пракамэнтаваў заявы міністра замежных справаў Беларусі пра Ўкраіну:
«Такое ўражаньне, што ў беларускай дыпляматыі зьявіўся свой Рыбэнтроп — Рыжанкоў».
Беларускі апазыцыйны палітык адрэагавал і на заявы Рыжанкова аб «незаконных санкцыях», якім была прысьвечана значная частка ягонага выступу.
Так, санкцыі, сьцьвярджае Рыжанкоў, «груба парушаюць цэлыя разьдзелы міжнароднага права і Статуту ААН», «незаконна запавольваюць устойлівае разьвіцьцё, падрываюць харчовую і энэргетычную бясьпеку, абмяжоўваюць доступ да сусьветных рынкаў, парушаюць права на свабоду перамяшчэньня».
«Дарэчы, на апошні пакет незаконных санкцый Беларусь адказала адкрытасьцю і ў аднабаковым парадку скасавала візавы рэжым для грамадзян усіх краін ЭЗ...», — сказаў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства.
Ён заклікаў ААН «сказаць сваё прынцыповае слова аб непрымальнасці аднабаковых захадаў».
Латушка на гэтыя заявы адрэагаваў так:
«Рыжанкоў, вядома, згадвае пра санкцыі, але тэрміналёгія „несправядлівыя, неабгрунтаваныя санкцыі“ — гэта што? Гэта значыць, можна забіваць, гвалціць, катаваць людзей у турмах, даводзіць іх да сьмерці без аказаньня мэдыцынскай дапамогі, масава выганяць беларусаў з краіны, называць і абражаць іх рознымі словамі, фактычна ствараючы катэгорыі падобных асобаў — гэта нармальна? Гэта адпавядае Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якую, напэўна, ведае кожны беларускі дыплямат? І не выключаю, а нават упэўнены, што пра гэта ведае і міністар замежных справаў „рыбэнтроп“ Рыжанкоў», — сказаў Латушка.
Ці было вітаньне ад Гутэрыша Лукашэнку?
Пазьней у МЗС Беларусі таксама паведамілі, што Гэнэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш перадаў Лукашэнку «самыя цёплыя пажаданьні».
У паведамленьні замежнапалітычнага ведамства гаворыцца, што бакі «закранулі пытаньні актуальнага міжнароднага парадку дня», абмеркаваўшы ў ліку іншага тэму «глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі».
На сайце ААН паведамляецца толькі пра факт сустрэчы Гутэрыша і Рыжанкова. Падрабязнасьцяў пра перадачу пажаданьняў не прыводзіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Беларусі Рыжанкоў прапанаваў Літве «нармальны раўнапраўны дыялёг». У Вільні адказалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Літвы назвала ўмовы для нармалізацыі дачыненьняў з афіцыйным Менскам