«Яны заб’юць мяне за гэта». Судзьдзя, які ўцёк з Польшчы ў Беларусь, апублікаваў незвычайныя пасты

Томаш Шмыт падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, 6 траўня 2024 году.

Вечарам у пятніцу 27 верасьня ў блогу польскага судзьдзі Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь, зьявіліся дзіўныя запісы на польскай і расейскай мовах. Увагу на публікацыі зьвярнуў партал reform. news.

«Яны заб’юць мяне за гэта», — гаварылася ў адной з публікацый. Мяркуючы па адказах, блог у сетцы X вядзе сам Шмыт.

Спачатку Шмыт апублікаваў спасылку на песьню нямецкага мэтал-гурта Erdling «Mein Element» і падпісаў: «Люблю іх».

Потым былы судзьдзя дадаў: «Гэтыя ідыёты зь Беларусі ніколі гэтага не зразумеюць. Цяпер я разьвітваюся з Таўмі (магчыма, „вамі“)».

Затым пасты Шмыта прынялі малазразумелы характар. Ён напісаў: «Яны заб’юць мяне за гэта». Адзін з чытачоў удакладніў у яго, ці п’яны ён. «Ня ў гэтай тэме», — адказаў былы судзьдзя.

Яшчэ адзін чытач спытаў у тым жа пасьце, навошта той піша дурасьці. «Гэта проста праўда. Мне напляваць на дамоўленасьці», — адказаў Шмыт. Чытач паспрабаваў супакоіць яго: «Мне таксама, але мы ня можам бязь іх жыць. Разумею моманты сумневаў, але заўтра будзе лепш». На што Шмыт груба адказаў фразай, якую можна перакласьці так: «Выкінулі расейца». На ўдакладненьні Шмыт больш не адказваў.

Адзначыўся ён і ў іншых камэнтарах пад сваімі пастамі:

«Пляваць на гэта. Я яшчэ магу ім разбурыць гэтую дзяржаву».

«Мае за мной. Цяпер ім проста хана)».

«Работаю братья».

У камэнтарахх карыстальнікі сеткі X бурна адрэагавалі на дзіўныя выказваньні зьбеглага польскага судзьдзі. Вось некаторыя з адказаў:

«У Польшчы нікога не перасьледуюць за тое, што ён слухае нямецкія гурты».

«Мядовы месяц скончыўся?😂»

«Да пабачэньня, таварыш».

«Калі ласка, перадайце ад мяне прывітаньне Эмілю Чэчку, калі сустрэнецеся ў Валгале».

  • Былога польскага судзьдзю Томаша Шмыта, які папрасіў прытулку ў Беларусі, на радзіме вінавацяць у шпіянажы. Шмыт аб’яўлены ў вышук, у дачыненьні да яго заведзеная крымінальная справа.
  • Шмыт уцёк у Беларусь 6 траўня і папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку.
  • Акруговы суд у Варшаве выдаў эўрапейскі ордэр на арышт падазраванага ў шпіянажы Томаша Шмыта, паведаміла Нацыянальная пракуратура Польшчы.
  • Варшаўскі акруговы суд выдаў ордэр 6 чэрвеня. У сярэдзіне траўня пракуратура Польшчы пачала шукаць былога судзьдзю Томаша Шмыта з ордэрам на арышт.
  • У чэрвені 2024 год Шмыт уладкаваўся на працу журналістам у БелТА. Цяпер ён вядзе гутаркі на youtube-канале дзяржаўнага беларускага агенцтва. Ён робіць інтэрвію для праекта «У тэме».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы польскі судзьдзя Шмыт, які ўцёк у Беларусь, уладкаваўся журналістам у БелТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ўцёкаў судзьдзі Шмыта ў Беларусь зьнікла і ягоная партнэрка. У Польшчы расказалі, адкуль яна