За больш як 30 гадоў кіраўніцтва гэтай групоўкай Насрала ператварыў шыіцкае апалчэньне ў буйную палітычную сілу ў Лібане і моцнага суперніка суседняга Ізраіля.
«Хэзбала», якую Злучаныя Штаты лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць Эўрапейскі зьвяз унёс у чорны спіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парламенце Лібану), таксама зьяўляецца вядучым удзельнікам так званай восі супраціўленьня Ірану, разрозьненай сеткі іранскіх давераных асоб і падтрыманых Тэгеранам груп баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
Сьмерць Насралы — «вялікая страта і ганьба» для Ірану, сказаў Радыё Свабода Алі Фатхола-Нэджад, дырэктар бэрлінскага Цэнтру Блізкага Ўсходу і сусьветнага парадку. Гэта «самы моцны ўдар па рэгіянальным становішчы Тэгерану» з моманту забойства галоўнага іранскага камандуючага Касема Сулеймані ў выніку авіяўдару ЗША ў Іраку ў 2020 годзе, лічыць Фатхола-Нэджад. Насрала, Сулеймані і вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі «складалі ядро шырокіх рэгіянальных амбіцый Ірану», дадаў Фатхола-Нэджад.
Харызматычны мула і добры аратар, Насрала быў выбраны кіраўніком «Хэзбалы» ва ўзросьце 32 гадоў. Пры значнай фінансавай і палітычнай падтрымцы Тэгерану Насрала ператварыў «Хэзбалу» у магутную палітычную і вайсковую арганізацыю ў Лібане і буйнога гульца ў рэгіёне.
Сьмерць 64-гадовага лідэра будзе мець «сур’ёзныя наступствы» для апэрацый восі супраціву Ірану, сказаў Свабодзе Хамідрэза Азізі, навуковы супрацоўнік Нямецкага інстытуту міжнародных адносін і бясьпекі.
«У кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта прывядзе да сур’ёзных прабелаў, адсутнасьці каардынацыі і двухсэнсоўнасьці», — мяркуе Азізі.
Емэнскія паўстанцы-хусіты, яшчэ адзін член восі, могуць пераняць эстафэту ў «Хэзбалы», калі Іран вырашыць усталяваць новую герархію ў сетцы, дадае Азізі.
Хусіты, на думку Азіі, былі «больш эфэктыўныя» ў барацьбе з Ізраілем з пачатку вайны ў Газе, чым іншыя члены восі, і атрымалі менш аддачы. «Але няма ніякіх гарантый, што яны застануцца такімі, улічваючы рашучасьць Ізраілю перасьледаваць [членаў восі] па адным», дадаў ён.
Для «Хэзбалы» сьмерць Насралы можа стаць катастрофай, кажуць экспэрты.
«Насралу будзе цяжка замяніць», — мяркуе Норман Руль, вэтэран ЦРУ, які працаваў ва Ўправе дырэктара нацыянальнай разьведкі. «Любы пераемнік будзе пазбаўлены яго палітычнага статусу ў Лібане і асабістых адносін зь вярхоўным лідэрам Ірану», — сказаў Руль у камэнтары для Radio Farda.
У апошнія месяцы «Хэзбала» пацярпела сур’ёзныя няўдачы. Ізраіль забіў ключавых яе кіраўнікоў, нэўтралізаваў значную частку яе вайсковага арсэналу і парушыў яе камунікацыі.
«Сілы абароны Ізраілю зьнішчылі цэлае пакаленьне лідэраў „Хэзбалы“, якія забралі з сабой калектыўны досьвед, які калектыўна незаменны», — лічыць Норман Руль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль ліквідаваў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу. Ён быў забіты ў выніку ўдараў у Лібане 27 верасьня