27 верасьня праваабарончая ініцыятыва Dissidentby выступіла з заявай, у якой сьцьвярджаецца, што людзей, якія ў апошнія месяцы выйшлі на свабоду паводле ўказаў аб памілаваньні, прымушаюць да супрацоўніцтва з КДБ.
Пра гэта таксама паведамляў Андрэй Стрыжак (BYSOL), а таксама пацьвярджае і арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BYPOL.
Dissidentby піша, што пад пагрозамі новага перасьледу і ціскам на сям’ю, супрацоўнікі КДБ патрабуюць ад былых палітвязьняў падпісаць паперы і пагадзіцца на ўдзел у прапагандысцкіх відэа. Ім таксама забараняюць выезд з краіны і патрабуюць удзелу ў агентурнай дзейнасьці супраць дэмакратычных сіл, фондаў дапамогі і праваабарончых арганізацый.
«Ад людзей патрабуецца зьвяртацца ва ўсе магчымыя фонды і структуры дэмакратычных сіл і „зьліваць“ любую інфармацыю, якая дапамагла б зьнішчыць каналы падтрымкі рэпрэсаваных або нанесьці іншую шкоду апазыцыйным структурам», — паведамляюць у ініцыятыве.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, на гаджэты памілаваных часта ўстанаўліваюць спыцыяльнае праграмнае забесьпячэньне, якое дазваляе сілавікам весьці агентурную дзейнасьць у рэжыме анлайн.
Аб’яднаньне былых сілавікоў BYPOL пацьвярджае гэтую інфармацыю.
Сьцьвярджаецца, што ў пачатку верасьня КДБ сумесна з Дэпартамэнтам крымінальнай разьведкі МУС пачаў буйнамаштабную спэцыяльную апэрацыю па выкрыцьці каналаў эвакуацыі зь Беларусі і пераводаў грошай у краіну.
«Для гэтай мэты выкарыстоўваюцца былыя палітвязьні і іншыя патэнцыйна ўразьлівыя людзі, якіх масава схіляюць да супрацоўніцтва пад пагрозай паўторнага прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці або рэпрэсій супраць родных і блізкіх», — паведамляюць у BYPOL.
BYPOL сьцьвярджае, што тым, хто пагадзіўся на такое супрацоўніцтва, супрацоўнікі Дэпартамэнту крымінальнай разьведкі МУС ставяць у тэлефоны спэцыяльную вірусную праграму «Кайман», якая фіксуе і перадае спэцслужбам інфармацыю аб тэлефонных перамовах, геалякацыі, перапісцы ў мэсэнджэрах і іншай актыўнасьці. Завэрбаваныя актывісты па заданьні КДБ і пад іх кантролем павінны выходзіць на сувязь з супрацоўнікамі BYSOL і іншых арганізацый, якія аказваюць дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій беларусам, а потым запытваюць грошы ці эвакуацыю з краіны.
23 верасьня кіраўнік фонду салідарнасьці BYSOL Андрэй Стрыжак паведаміў, што ў Беларусі з пачатку верасьня яшчэ больш узмацніліся рэпрэсіі. У сувязі з гэтым значна вырасла колькасьць зваротаў у арганізацыю па параду ці эвакуацыю з краіны — да 80%:
«Берасьцейскія і горадзенскія супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС пашырылі практыку гвалту пры затрыманьнях; асаблівую цікаўнасьць у сілавікоў выклікаюць людзі, якія давалі камэнтары ці інтэрвію незалежным мэдыя ў 2020–2023 гадох; за апошнія тыдні ўзмацніліся рэйды па прафэсійных групах — пад ударам настаўнікі і асьветнікі з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, а таксама грамадзкія актывісты; значна паболела заявак на эвакуацыю і кансультацыяў наконт таго, што рабіць у выпадку перасьледу. Па розных кірунках дапамогі Фонду колькасьць заявак вырасла ад 50% да 80%», — сьцьвярджалася ў заяве BYSOL.
- 16 верасня, напярэдадні так званага Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасьня, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 37 чалавек, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці».
- 4 верасня стала вядома аб выхадзе на волю 30 асуджаных па «палітычных» артыкулах. Сярод іх сем жанчын і 23 мужчыны. Большасьць з іх — бацькі непаўналетніх дзяцей.
- 16 жніўня, Лукашэнка памілаваў 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэстнай накіраванасьці». У іх ліку — 14 жанчын і 16 мужчын. Некаторыя маюць сур’ёзныя захворваньні.
- 3 ліпеня на волю выйшлі 18 палітвязьняў. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку анкалягічны хворы экс-старшыня партыі БНФ Рыгора Кастусёва.