Ядзерная зброя, айчынны мабільны тэлефон, санкцыі і вызваленьне палітвязьняў. Пра што яшчэ Лукашэнка расказаў студэнтам

Аляксандар Лукашэнка прадэманстраваў свой тэлефон на сустрэчы з студэнтамі, 27 верасьня 2024. Афіцыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, студэнты якога ў 2020 годзе актыўна ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што разам з Расеяй рыхтуецца да выкарыстаньня ядзернай зброі.

«Мы выкарыстаем ядзерную зброю — нам могуць адказаць. І па Расеі ў тым ліку. Таму Расея ўвесь арсэнал выкарыстае. А гэта ўжо ўсясьветная вайна. Гэтага ня хоча Захад. Яны да гэтага не падрыхтаваныя. Але мы шчыра кажам: чырвоная лінія — гэта дзяржаўная мяжа. Наступілі на яе — адказ будзе імгненны. Мы да гэтага рыхтуемся. Я сумленна і адкрыта пра гэта кажу», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Аляксандар Лукашэнка падзякаваў расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну за тое, што той унёс адпаведныя зьмены ў ядзерную дактрыну Расеі аб выкарыстаньні ядзернай зброі ў выпадку нападу на Расею і Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя пагрозы Пуціна. Вайсковыя экспэрты пра зьмены ў ядзернай дактрыне Расеі

Пра вайну ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка, які падтрымаў Расею ў вайне супраць Украіны, цяпер лічыць неабходным «дамовіцца з украінцамі».

«Нам трэба дамовіцца з украінцамі, трэба спыніць гэтую вайну. [...] Слухайце, якая вайна была Другая ўсясьветная і Вялікая Айчынная. Беларусь увогуле зьнішчылі. І мы нібыта ўжо, ваша пакаленьне, нават маё, зь немцамі нармальна размаўлялі. То бок памяць чалавечая, якая б яна ні была, усё ж адшліфоўвае, загойвае гэтыя раны. Дакладна так і з украінцамі. Толькі далей ня трэба заходзіць. І так ужо панаварочвалі вышэй за дах. Гэта мая цьвёрдая пазыцыя», — патлумачыў ён.

Лукашэнка заявіў, што падтрымлівае з украінцамі кантакты «па пэўных каналах». «Мы стараемся на гэтых кантактах, каб нармальна было. Зяленскі пакуль гэтага ня чуе і чуць ня хоча. Чаму? Таму што амэрыканцы іх штурхаюць да гэтай вайны».

Пры гэтым ваенных злачынстваў расейскай арміі ва Ўкраіне ён не прызнае, а трагедыю ў Бучы пад Кіевам назваў «інфармацыйна-псыхалягічнай апэрацыяй».

«Памятаеце Бучу ва Ўкраіне? Гэта была інфармацыйна-псыхалягічная апэрацыя, і пры гэтым наша выведка дакладна высьветліла, хто гэта быў. Гэта былі брытанцы, яны арганізавалі. Нашы малайцы, як яны гэта адсачылі: і нумары машын, і як прыяжджалі туды, і іншае», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская служба Радыё Свабода знайшла расейскіх вайскоўцаў, якія, верагодна, катавалі і забілі палкоўніка СБУ ў Бучы. Відэа

Пра санкцыі

Аляксандар Лукашэнка перакананы, што аб’ект санкцый, уведзеных заходнімі краінамі супраць яго і ягонага атачэньня за фальсыфікацыю вынікаў выбараў і падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны, — ня ён асабіста як дыктатар, а «краіна і ўсе беларусы, у тым ліку студэнты, іхныя бацькі і блізкія».

«Гэта фашызм. Але яны ж нас вучаць дэмакратыі, яны патрабуюць ад нас гуманнасьці. Гэта нават не падвойныя стандарты, а поўная дэградацыя чалавечага сумленьня і годнасьці», — заявіў ён.

У той жа час ён назваў санкцыі «часам магчымасьцяў», якія падштурхоўваюць шукаць новыя рынкі збыту і паставак камплектуючых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая Зэляндыя ўвяла санкцыі супраць грамадзян і прадпрыемстваў Расеі і Беларусі

Пра мабільныя тэлефоны

«І айчынны мабільны тэлефон, пра які шмат цяпер гавораць, мы таксама зробім. Абавязаныя зрабіць, таму што гаджэты сёньня, як вы бачылі апошнім часам, ператварылі ў баявую зброю. Гэта ўжо пытаньне нацыянальнай бясьпекі», — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама прадэманстраваў свой мабільны тэлефон і паказаў, як ён працуе. Лукашэнка паведаміў, што размовы па ягоным тэлефоне немагчыма праслухаць, бо «маўленьне адразу кадуецца, а ў этэры пры спробе перахопу размовы чуваць гукі, падобныя на булькатаньне». Паводле яго, у гэтым тэлефоне выкарыстоўваецца «распрацоўка КДБ», а цяпер «ідзе праца» па зьмяншэньні яго памераў. Хоць і ў такім выглядзе «беларускую распрацоўку», зробленую дзякуючы крыптаграфічнай школе КДБ, ужо набылі некаторыя краіны.

Лукашэнка сказаў, што яму могуць тэлефанаваць толькі каля 70 чалавек.

Пра палітвязьняў

Лукашэнка паведаміў, што ня спыніцца на першых указах аб памілаваньні грамадзян, асуджаных з палітычных матываў, якія ён называе «экстрэмісцкай дзейнасьцю».

«Так, працягваць я буду, таму што гэта мая работа, гэта канстытуцыйны абавязак прэзыдэнта — памілаваць чалавека», — сказаў ён.

У той жа час Лукашэнка заявіў, што яму пішуць лісты беларусы, якія зьехалі зь Беларусі ад перасьледу і цяпер хочуць вярнуцца, але ён накіроўвае іх у камісію пад кіраўніцтвам генэральнага пракурора.

«Ну, здараецца... [...] памыліўся чалавек. Ну давай. Мы ж зацікаўленыя ў тым, каб ты вярнуўся на радзіму. Гэта вельмі важна і для мяне асабіста. Але калі ты вінаваты, ты павінен адказаць паводле закону. Ідзі ў камісію», — падкрэсьліў ён.

Лукашэнка таксама заклікаў студэнтаў не выяжджаць зь Беларусі, бо за межамі іх ніхто не чакае, а тыя, хто ўцёк, цяпер вымушаныя зарабляць на «простых работах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым Лукашэнкі чакае ад дэмакратычных сілаў не саступак, а капітуляцыі», — Аляксандар Фрыдман