Хроніка перасьледу 27 верасьня: На Гомельшчыне затрымалі як мінімум 10 чалавек

Затрыманьне. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

На Гомельшчыне затрымалі як мінімум 10 чалавек, паведамляюць праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы. Адзначаецца, што затрыманьні прайшлі ў Брагіне, Ельску, Лоеве, Хойніках і Нароўлі.

На пакаяльных відэа затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія каналы, удзельнічалі ў мітынгах, маюць забароненыя тату». Адзін з затрыманых патлумачыў, што «гуляў у гульню, дзе пазнаёміўся з украінцамі і пад іх уплывам пачаў абражаць Расею і Лукашэнку». У трох чалавек твары на відэа былі схаваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 верасьня: у Пінску судзяць журналіста, якога пабілі падчас пратэстаў; новыя суды над палітвязьнямі

Палітзняволенага «рэйкавага партызана» Уладзімера Аўрамцава зноў судзілі

25 верасьня ва Ўладзімера Аўрамцава адбыўся разгляд справы ў судзе Янаўскага раёну «аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і зьменаў умоваў утрыманьня». Працэс узначальваў судзьдзя Сяргей Кухацкаволец. Вынік судовага пасяджэньня высьвятляюць праваабаронцы.

Уладзімер Аўрамцаў — жыхар Бабруйска, затрыманы ў ноч на 30 сакавіка 2022 году. Паводле вэрсіі сьледзтва, ён датычны да зтнішчэньня двух рэйкавых шаф сыгнальнай ўсталёўкі пад Асіповічамі.

Яго абвінавацілі паводле арт. 356 КК («здрада дзяржаве»), арт. 309 КК («наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»), арт. 289 КК («акт тэрарызму»), арт. 290-4 КК («стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй») і асудзілі да 22 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 верасьня: за камэнтары затрымалі завуча школы ў Менску