Зь Менску паступае інфармацыя аб пагаршэньні якасьці вады. Як паведаміла дзяржаўнае прадпрыемства «Менскводаканал», пасьля аднаўленьня водазабесьпячэньня аварыйнымі брыгадамі ў праблемных раёнах гораду адразу арганізавалі прамываньне асобных участкаў сетак водазабесьпячэньня.
Камунальнікі адзначаюць, што вядзецца пастаянны «маніторынг якасьці з правядзеньнем рэглямэнтных работ». Улады абяцаюць вырашыць праблему.
26 верасьня ў трох раёнах Менску ўзьніклі праблемы з водазабесьпячэньнем. Прычына — у пашкоджаньні магістральнага вадаводу, паведамілі ў «Менскводаканале».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У трох раёнах Менску — перабоі з вадой«У сувязі з пашкоджаньнем магістральнага вадаводу дыямэтрам 1000 мм назіраецца зьніжэньне ціску, адсутнасьць і пагаршэньне якасьці водазабесьпячэньня ў Кастрычніцкім, Заводзкім і Ленінскім раёнах Менску», — гаворыцца ў паведамленьні «Менскводаканалу».
«Менскводаканал» арганізаваў падвоз вады ва ўсе лякарні пацярпелых раёнаў сталіцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску праблемы зь пітной вадой. Улады рэкамэндуюць часова не карыстацца водаправодамУвечары 27 верасьня дзяржаўнае агенцтва БелТА з спасылкай на Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі паведаміла, што якасьць пітной вады пагоршылася праз аварыю.
«Аварыя на вадаводзе выклікала зьмены гідраўлічнага рэжыму працы ў сыстэме водазабесьпячэньня, вынікам чаго стала зьмена якасьці вады, якая падаецца насельніцтву. „Менскводаканал“ апэратыўна ажыцьцявіў захады для стабілізацыі якасьці пітной вады. Правялі работы па прамыўцы асобных участкаў сетак, лябараторныя дасьледаваньні якасьці пітной вады, і працягваецца маніторынг сытуацыі», — адзначылі ў міністэрстве.
Варта адзначыць, што гэта ня першыя перабоі з вадой у Менску за апошнія гады. Часам, доўга чакаючы дапамогі ад дзяржавы, падвоз вады ў праблемныя раёны арганізоўвалі самі грамадзяне.