Канец кантролю над ядзернай зброяй?

Аўтар: Іван Гутэрман

«Упершыню ад Карыбскага крызісу мы сутыкнуліся з прамой пагрозай выкарыстаньня ядзернай зброі... Пэрспэктыва Армагедону не стаяла перад нам ад часоў Кенэдзі і Карыбскага крызісу», — сказаў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у 2022 годзе.

Гэтае трывожнае папярэджаньне прагучала пасьля таго, як кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін, пацярпеўшы сур’ёзныя няўдачы ў сваім поўнамаштабным уварваньні ва Ўкраіну і вымушаны прызваць сотні тысяч цывільных людзей для ўмацаваньня арміі, заявіў, што ягоны ўрад «выкарыстае ўсе сродкі, якія ёсьць у нашым распараджэньні», калі тэрытарыяльная цэласнасьць Расеі апынецца пад пагрозай.

На магчымасьць прымяненьня ядзернай зброі ў сувязі з вайной ва Ўкраіне ён спаслаўся ня першы раз. «Гэта ня блеф», — сказаў ён у сваёй прамове 21 верасьня 2022 году, абвяшчаючы частковую мабілізацыю.

Нягледзячы на рыторыку Пуціна, заходнія афіцыйныя асобы заявілі, што яны ня бачылі ніякіх канкрэтных сьведчаньняў падрыхтоўкі з боку Расеі да ядзернага ўдару, а некаторыя экспэрты адзначылі, што гэтая зброя «не настолькі карысная для дасягненьня ваенных мэтаў». У той час як расейскі ядзерны ўдар па Ўкраіне выглядае малаімаверным, рызыка новай гонкі ядзерных узбраеньняў працягвае расьці.

За апошнія гады Расея і Злучаныя Штаты выйшлі зь некалькіх ключавых дамоваў па кантролі над узбраеньнямі, і толькі адна — новая Дамова аб захадах дзеля далейшага скарачэньня і абмежаваньня стратэгічных наступальных узбраеньняў (ДСНУ) — усё яшчэ дзейнічае і павінна скончыцца ў 2026 годзе. Расея заяўляе, што прыпыніла ўдзел у гэтай дамове, якая абмяжоўвае колькасьць ядзерных боегаловак, пускавых установак і бамбавікоў, якія абодва падпісанты могуць разгарнуць. Аднак паабяцала пакуль прытрымлівацца абмежаваньняў.

Калі на зьмену новай ДСНУ ня прыйдзе нічога, дзьве буйныя ядзерныя дзяржавы ня будуць мець абмежаваньняў на колькасьць ядзерных боегаловак і сродкаў дастаўкі, якія яны могуць разгарнуць, упершыню пасьля таго, як Дамова СНУ-1 уступіла ў сілу 30 гадоў таму, у 1994 годзе.

Размываньне дамоваў аб кантролі над ядзернымі ўзбраеньнямі пачалося ў першай палове 2000-х гадоў, калі Злучаныя Штаты выйшлі з дамовы аб абмежаваньні сыстэмаў супрацьракетнай абароны. Тая дамова, падпісаная ў 1972 годзе, была адною зь першых — разам з часовым пагадненьнем таго ж году аб абмежаваньні разгорнутых боегаловак (АСУ-1), дасягнутым у выніку першых перамоваў пра абмежаваньні стратэгічных узбраеньняў — якая мела на мэце пазьбегнуць гонкі ўзбраеньняў праз захаваньне парытэту паміж Савецкім Саюзам і ЗША.

Дамова аб абмежаваньні сыстэмаў супрацьракетнай абароны была прызначаная ліквідаваць адну з прычынаў, дзеля якіх Злучаным Штатам і СССР былі патрэбныя вялікія арсэналы: калі здольнасьць зьбіваць ракеты абмежаваная, дык менш патрэбы мець вялікую перавагу ў колькасьці боегаловак. Пасьля выхаду ЗША з дамовы Расея неадкладна заявіла, што больш ня будзе прытрымлівацца абмежаваньняў, узгодненых у дамове СНУ-2, якой абедзьве дзяржавы вырашылі прытрымлівацца, нават калі дамова афіцыйна не ўступіла ў сілу.

Наступнай ключавой двухбаковай дамовай, якая перастала працаваць, стала Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД), якая забараняла ракеты наземнага базаваньня з далёкасьцю ад 500 да 5500 кілямэтраў. Злучаныя Штаты доўгі час абвінавачвалі Расею ў невыкананьні дамовы, а адміністрацыя Абамы палічыла, што выпрабаваньне крылатай ракеты Расеяй у 2014 годзе парушае абмежаваньні далёкасьці, прапісаныя ў дамове. Адміністрацыя Трампа абвясьціла, што выйдзе з дамовы ў кастрычніку 2018 году, і Расея адказала тым самым.

Гэтыя двухбаковыя дамовы аб кантролі над узбраеньнямі скарацілі колькасьць боегаловак з больш чым 60 000 (на піку ў 1987 годзе, калі была падпісаная Дамова РСМД), да менш як 10 000 (у 2011 годзе, калі была падпісаная новая Дамова СНУ).

Новыя праціўнікі

На дадатак да меркаваных парушэньняў Расеяй Дамовы РСМД адміністрацыя Трампа спасылалася на няўдзел Кітаю і неабходнасьць падрыхтоўкі да патэнцыйнага канфлікту ў паўднёвай частцы Ціхага акіяну.

Пашырэньне Кітаем свайго ядзернага арсэналу стварае перашкоду для ядзерных перамоваў, якой не існавала падчас Халоднай вайны, калі арсэналы і амбіцыі іншых краінаў, акрамя ЗША і СССР, былі дастаткова малыя, каб іх ігнараваць. Пры Трампу Злучаныя Штаты, разважаючы пра пэрспэктывы новага ядзернага пагадненьня з Расеяй, меркавалі, што Кітай павінен далучыцца да новай Дамовы СНУ або да іншай трохбаковай ядзернай дамовы. Летась Камісія Кангрэсу па стратэгічнай пазыцыі Злучаных Штатаў прыйшла да высновы, што ЗША «больш ня змогуць разглядаць кітайскую ядзерную пагрозу як „меншы выпадак“ расейскай ядзернай пагрозы».

Паводле Стакгольмскага і інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI), Кітай значна пашырае свае ядзерныя сілы і, магчыма, у 2023 годзе разгарнуў «невялікую колькасьць сваіх боегаловак». Чакаецца, што ён працягне нарошчваць свае сілы на працягу наступнага дзесяцігодзьдзя і за гэты час зможа давесьці колькасьць разгорнутых міжкантынэнтальных балістычных ракет да параўнальнай з амэрыканскаю ці расейскаю, хоць агульная колькасьць боегаловак застанецца меншаю.

Застаецца незразумелым, ці адбудзецца ў сьвеце значнае павелічэньне колькасьці назапашаных і разгорнутых боегаловак, калі новая Дамова СНУ скончыцца, а новай наўзамен яе ня будзе. Па словах кіраўніка амэрыканскай Асацыяцыі па кантролі над узбраеньнямі Дэрыла Кімбала, ЗША і Расея маюць больш эфэктыўныя спосабы, як павялічыць памер сваіх разгорнутых арсэналаў. Пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня дамовы «абодва бакі будуць мець магчымасьць падвоіць колькасьць разгорнутых боегаловак шляхам «загрузкі» — гэта азначае павелічэньне колькасьці ядзерных боегаловак, прысутных на ўжо разгорнутых сыстэмах дастаўкі.

Пранай Вадзьдзі, старшы дырэктар па кантролі над узбраеньнямі, раззбраеньні і нераспаўсюджваньні ў Радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША, кажа, што Злучаныя Штаты павінны быць гатовыя да таго, што абмежаваньні, прапісаныя ў новай Дамове СНУ, «зьнікнуць без замены», але ЗША ня маюць патрэбы «павялічваць нашы ядзерныя сілы, каб яны адпавядалі або перавышалі па колькасьці нашых канкурэнтаў». Улічваючы наяўны патэнцыял Злучаных Штатаў для нанясеньня ўдару ў адказ, «больш» не абавязкова значыць «лепш». Па словах Кімбала, нават адна з васьмі ці дзесяці падводных лодак, якія знаходзяцца на баявым дзяжурстве, у любы час нясе каля 100 боегаловак, якіх дастаткова, каб «зьнішчыць вялікую краіну і забіць шмат дзясяткаў мільёнаў людзей».

Нягледзячы на тое, што нават аб’яднаныя ядзерныя сілы Расеі і Кітаю ня могуць нанесьці пасьпяховы першы ўдар — такі, які пазбавіў бы ЗША здольнасьці нанесьці катастрафічную шкоду ў адказ — Злучаныя Штаты, магчыма, рухаюцца ў кірунку павелічэньня сваіх ядзерных сілаў. У дакладзе Камісіі па стратэгічнай пазыцыі аб падрыхтоўцы да пагроз з 2027 па 2035 год гаворыцца, што ядзерныя сілы ЗША павінны быць «альбо большымі па памеры, альбо інакшымі па складзе, альбо і тое, і другое», каб змагацца як з рэваншысцкай Расеяй, гэтак і з Кітаем, які, як сьцьвярджаецца ў дакладзе, «працягвае нарошчваньне ядзерных сіл у маштабах і тэмпах, нябачаных з часоў гонкі ядзерных узбраеньняў паміж ЗША і СССР, якая скончылася ў канцы 1980-х гадоў».

Больш, больш, больш

У дакладзе камісіі далей рэкамэндавана, каб Злучаныя Штаты тэрмінова «загрузілі больш боегаловак на свае разгорнутыя носьбіты, разгарнулі або базавалі ядзерныя сілы на Азіяцка-Ціхаакіянскім тэатры, павялічылі заплянаваную колькасьць ядзерных бамбавікоў, разгледзелі магчымасьць разьмяшчэньня дарожна-мабільных ядзерных носьбітаў, якіх на гэты момант у арсэнале ЗША няма, і рыхтаваліся да разгортваньня будучай міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты Sentinel у канфігурацыі, якая нясе некалькі незалежных аднатыпных носьбітаў (цяпер кожная міжкантынэнтальная балістычная ракета Minuteman III нясе толькі адну боегалоўку ў выніку абмежаваньняў, накладзеных новай Дамовай СНУ).

У той жа час Расея таксама ўкладае рэсурсы ў мадэрнізацыю свайго арсэналу. Нядаўняе выпрабаваньне новага тыпу цяжкай міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты РС-28 «Сармат», відаць, правалілася.

Сармат» — адзін з шасьці відаў зброі, якія Пуцін прадставіў у сваім штогадовым пасланьні ў 2018 годзе — тады ў анімацыйным відэа было паказана, што расейскія ракеты ляцяць да цэлі, падобнай да амэрыканскага штату Флорыда. Нядаўна двое амэрыканскіх аналітыкаў заявілі, што знайшлі верагоднае месца, дзе разгорнуты «Буревестник» — яшчэ адно з расейскіх ядзерных «непераможных узбраеньняў», пра якія Пуцін абвясьціў у 2018 годзе. Расея таксама выклікала прывід аднаўленьня ядзерных выпрабаваньняў, рыхтуючы аб’екты на востраве Новая Зямля, дзе Савецкі Саюз выпрабаваў найбуйнейшую ў гісторыі ўзарваную ядзерную бомбу.

Акрамя патэнцыйнай «загрузкі» боегаловак на існуючыя носьбіты і распрацоўкі новых сыстэм узбраеньня, Злучаныя Штаты нядаўна абвясьцілі, што разьмесьцяць у Нямеччыне няядзерныя крылатыя ракеты, якія раней былі забароненыя ў адпаведнасьці з Дамовай РСМД. Пуцін паабяцаў адказаць на такі крок такім жа чынам і зьняць добраахвотны мараторый на разгортваньне ракет сярэдняй далёкасьці. Паведамляецца, што Расея таксама разьмясьціла ядзерную зброю ў Беларусі, якая ня мела яе на сваёй тэрыторыі з пачатку 1990-х гадоў.

У выніку шматлікіх зьменаў у ядзерных і звычайных ракетных сілах адносіны Захаду з Расеяй і Кітаем апынуліся цяпер на самым нізкім узроўні з часоў Халоднай вайны. Усё больш краін назапашваюць значныя запасы боегаловак, і, магчыма, мы ўжо перажываем пачатак новай гонкі ядзерных узбраеньняў.

І калі ядзерныя дзяржавы не дамовяцца пра новыя абмежаваньні, яна можа стаць такой жа рызыкоўнай, як і папярэдняя.