У трох раёнах Менску — перабоі з вадой

26 верасьня ў трох раёнах Менску ўзьніклі праблемы з водазабесьпячэньнем. Прычына ў пашкоджаньні магістральнага вадаводу, паведамілі ў «Менскводаканале».

«У сувязі з пашкоджаньнем магістральнага вадаводу дыямэтрам 1000 мм назіраецца зьніжэньне ціску, адсутнасьць і пагаршэньне якасьці водазабесьпячэньня ў Кастрычніцкім, Завадзкім і Ленінскім раёнах Менску», — гаворыцца ў паведамленьні «Менскводаканалу».

Там запэўнілі, што прымаюць «усе неабходныя апэратыўныя меры для аднаўленьня парамэтраў водазабесьпячэньня», і папрасілі прабачэньня за нязручнасьці.

«Менскводаканал» арганізаваў падвоз вады ва ўсе бальніцы пацярпелых раёнаў сталіцы.

Гарадзкія службы высьвятляюць дэталі здарэньня. Водазабесьпячэньне плянуюць аднавіць у бліжэйшы час, піша БелТА.