З пачатку 2024 году ў Беларусі пачаўся рэзкі рост захворваньняў на вірусны гепатыт А ў Беларусі, вынікае з дакладу загадчыцы лябараторыі інфэкцый з прыродным рэзэрвуарам «РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі» Тамары Амвросьевай.
Даклад быў прэзэнтаваны на другім Гомельскім міжнародным кангрэсе «Інфэкцыйныя хваробы, мікрабіялёгія і імуналёгія», заўважыў Reform.news.
Як адзначаецца ў дакладзе, каля 15 гадоў вірусны гепатыт А ў Беларусі меў статус мала распаўсюджанай інфэкцыі, але са студзеня 2024 году ва ўсіх рэгіёнах краіны пачаўся рост захворваньняў.
Так, калі з 2009 па 2023 год узровень захворваньняў на вірусны гепатыт А ў Беларусі быў адносна невысокім і вагаўся ў межах ад 0,24 да 1,71 выпадка на 100 тысяч насельніцтва, дык за 6 месяцаў 2024 году паказчык захворваньняў перавысіў 6,6 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.
Калі ўлічваць, што яшчэ ў 2023 годзе ўзровень захворваньняў на вірусны гепатыт А складала 0,89 выпадка на 100 тысяч насельніцтва, сёлета гэты паказчык вырас у 7,4 раза (да 6,6 выпадкаў па выніках першага паўгодзьдзя 2024 году).
«Пры такой дынаміцы прагноз на канец года — неспрыяльны», — гаворыцца ў дакладзе.
Па словах Тамары Амвросьевай, да канца 2024 году чакаецца ўзровень у 10 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва і, магчыма, нават вышэйшы.
У дакладзе адзначаецца, што найбольш захворваньняў на гепатыт А сёлета зафіксавалі ва ўзроставай групе 18-39 гадоў (9 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва), расьце «значнасьць кантактна-побытавага шляху перадачы вірусу з выпадкамі яго заносу ва ўстановы адукацыі і аздараўленьня для дзяцей».
Магчымай прычынай росту выпадкаў захворваньня спэцыялістка назвала скарачэньне колькасьці людзей, якія паставілі прышчэпку ад гепатыту А, паколькі з 2018 году згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя яна стала неабавязковай. Усе, хто захварэў сёлтеа, раней не рабілі прышчэпку ад гепатыту А, адзначыла спэцыялістка.
- Гепатыт А — запаленчае захворваньне печані, якое выклікаецца вірусам гепатыту А. Захворваньне шчыльна зьвязана зь няякасным водазабесьпячэньнем або заражэньнем прадуктаў харчаваньня, дрэннымі санітарнымі ўмовамі, незахаваньнем правілаў асабістай гігіены і інш. Вірус гепатыту А доўга захоўваецца ў навакольным асяродзьдзі і можа заставацца жыцьцяздольным нават пасьля працэсаў апрацоўкі харчовых прадуктаў, якія выкарыстоўваюць для барацьбы з бактэрыяльнымі патагенамі або іх інактывацыі.
- У адрозьненьне ад гепатытаў B і C, гепатыт А не выклікае хранічных захворваньняў печані, але можа суправаджацца цяжкімі сымптомамі і часам працякаць у фульмінантнай форме (з вострай пячоначнай недастатковасьцю), якая часта сканчаецца сьмяротным зыходам.